Кіраўнік АКІТ звярнуўся да Качанавай з патрабаваннем прыцягнуць да адказнасці вінаватых у зверствах
Генеральны дырэктар Асацыяцыі кампаній інфармацыйных тэхналогій Дзмітрый Ананьеў звярнуўся да старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай і запатрабаваў расследаваць факты гвалту, які прымяняюць на вуліцах Менска прадстаўнікі сілавых структур.
„Прашу прыняць неадкладныя меры па безумоўным спыненні масавых абуральных фактаў прымянення катаванняў, бесчалавечных і прыніжаючых годнасць абыходжання і пакаранняў, якія ўжываюцца да грамадзян Рэспублікі Беларусь”, — гаворыцца ў звароце.
Гэтыя факты, адзначае Ананьеў, былі зафіксаваныя пры затрыманні, этапаванні і заключэнні пад варту дэманстрантаў супрацоўнікамі праваахоўных органаў, а таксама асобамі, якія дзейнічалі без наяўнасці знакаў адрознення.
„Па гэтых фактах зверстваў і гвалту прашу неадкладна пачаць (ініцыяваць) правядзенне праверкі ў адпаведнасці з наяўнымі паўнамоцтвамі. Па выніках праверкі прашу прыцягнуць вінаватых асоб да прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь адказнасці”, — падкрэсліваецца ў звароце.
Нагадаем, пасля выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, на вуліцы Менску выйшлі тысячы дэманстрантаў, якія заявілі аб фальсіфікацыях і запатрабавалі правядзення сумленных выбараў. З 9 па 11 жніўня больш за сем тысяч пратэстоўцаў былі жорстка затрыманыя прадстаўнікамі АМАПа.
12 жніўня ўлады пачалі масава вызваляць затрыманых, якія расказалі, што іх збівалі і катавалі ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі звярнуліся да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з патрабаваннем спыніць катаванні і жорсткае абыходжанне ў дачыненні да затрыманых у аддзяленнях міліцыі, ізалятарах часовага ўтрымання, цэнтрах ізаляцыі правапарушальнікаў, а таксама пры перавозцы іх да месцаў прымусовага ўтрымання.
У сувязі з сітуацыяй у Беларусі 14 жніўня адбылася пазачарговая сустрэча Савета міністраў замежных спраў ЕС, па выніках якой кіраўнікі МЗС краін ЕЗ заклікалі беларускія ўлады „спыніць непрапарцыйны і непрымальны гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў”.
У святле шакавальных паведамленняў пра бесчалавечнае абыходжанне і ўмовы ўтрымання пад вартай ЕС „чакае дакладнага і празрыстага расследавання ўсіх меркаваных злоўжыванняў, з тым каб прыцягнуць вінаватых да адказнасці”, падкрэслівалася ў заяве ЕЗ.