Кіраўнік „Белнафтахіма”: Сітуацыя на ўнутраным рынку стратная для перапрацоўчых заводаў
Канцэрн „Белнафтахім” працягне прытрымлівацца „палітыкі стрыманасці” пры далейшым павышэнні цэн на аўтамабільнае паліва. Пра гэта заявіў старшыня канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Рыбакоў у эфіры праграмы „Контуры” тэлеканала ОНТ увечары 7 кастрычніка. „Несуцяшальна кошт нафты Brent расце, прычым гэты вектар дастаткова жорстка актуалізавалася на апошнім тыдні, і цана дасягнула ўжо 85 долараў за бараль. Калі браць дынаміку за год — гэта плюс 40% да пачатку года. Калі браць на 1 кастрычніка мінулага года — гэта плюс 60%. Адэкватнага павелічэння цаны на нафтапрадукты на працягу года не адбывалася. Адэкватнага, я маю на ўвазе, не з пункту гледжання беларускага рубля, а зыходзячы з усіх фактараў, а гэта — у тым ліку і курс нацыянальнай валюты”, — растлумачыў Рыбакоў.
Паводле слоў кіраўніка дзяржканцэрна, 80% у сабекошце нафтапрадуктаў займае кошт нафты. „І, вядома, на сённяшні дзень сітуацыя на ўнутраным рынку з`яўляецца глыбока стратнай для нашых перапрацоўчых заводаў. Па дынаміцы гэтыя страты ўжо не здольныя перакрыць ні экспартны складнік, ні іншыя меры ўнутранага характару, у прыватнасці, па зніжэнні выдаткаў”, — сказаў ён.
Рыбакоў адзначыў, што апошнім часам паліва даражэе „па капеечцы”. „Мы прапагандуем, у першую чаргу, палітыку стрыманасці. Мы кожны тыдзень вядзем маніторынг: ці не з`яўляецца трэнд па нафце нейкім усплёскам? І кожны тыдзень, з улікам усіх параметраў, выносім рашэнне аб далейшым павышэнні. На адну капейку — гэта мінімальна магчымы ўзровень павышэння. Гэта нам дазваляе, па-першае, адаптаваць спажыўцоў да росту. Па-другое, гэта дазваляе нам кантраляваць цалкам сітуацыю па росце зыходзячы з магчымых ваганняў цаны на нафту і згладжвання пікаў”, — падкрэсліў старшыня „Белнафтахіма”.
„На сёння тыя паўтара месяца, калі быў рост коштаў кожны тыдзень па капейцы, толькі дазволіў нам фактычна ўтрымацца на адным месцы, без якога-небудзь прагрэсу па збліжэнні трэндаў нафты і нафтапрадуктаў”, — сказаў на заканчэнне ён.
7 кастрычніка кошт паліва на аўтазаправачных станцыях Беларусі ў чарговы раз вырас на капейку. Цана бензіну АІ-92-К5-Еўра склала 1,38 рубля за літр, АІ-95-К5-Еўра — 1,46 рубля, АІ-98-К5-Еўра — 1,67 рубля, ДП — 1,46 рубля. Сёлета цэны на аўтамабільнае паліва ў Беларусі мяняліся ўжо 18 разоў. Папярэдні раз яны былі павялічаныя на капейку 30 верасня. БелаПАН