Кіраўнік «BYSOL» пракаментаваў скандал з літоўскім ВНЖ для сваякоў беларускага бізнесоўца



Кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак адказаў на абвінавачванні ў спрыянні беларускаму бізнесоўцу Эдуарду Апсіту, які зарабіў мільёны еўра на дзяржаўных кантрактах у Беларусі і Расеі.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр раней заявіў, што сваякі прадпрымальніка атрымалі гуманітарны ВНЖ у Літве дзякуючы ахвяраванням і хадайніцтву дабрачыннага фонду.

Кіраўнік «BYSOL» Андрэй Стрыжак у сваім Facebook напісаў, што фонд не раскрывае імёнаў ахвярадаўцаў. Гэтыя звесткі канфідэнцыйныя і абароненыя «ўнутранымі пратаколамі бяспекі і патрабаваннямі адмысловага еўрапейскага заканадаўства аб асабістых звестках». Стрыжак растлумачыў, што Беларускі расследавальніцкі цэнтр у сваім матэрыяле спасылаецца на дакумент нідэрландскай арганізацыі «Stichting Belarus solidarity foundation». А гэтая кампанія з 2021 года не мае ніякага дачынення да фонду «BYSOL»: Стрыжак не пацвярджае і не зняпраўджвае інфармацыі пра ахвяраванні бізнесоўца Эдуарда Апсіта, але заўважае: ахвяраваць можа любая асоба, нават Лукашэнка, бо «донар не мае ніякага ўплыву на рашэнні арганізацыі і яму не даступнае карэктаванне нашых мэтаў»: Пры гэтым кіраўнік «BYSOL» упэўнены, што сам факт ахвяравання любой сумы ў фонд – дастатковая падстава дзеля падтрымання легалізацыі донара ў Еўразвязе.

Паводле расследавання БРЦ, бізнесовец Эдуард Апсіт пералічыў у «BYSOL» амаль 95 тысяч еўра, і сузаснавальнік фонду Яраслаў Ліхачэўскі прасіў у літоўскай праваабарончай арганізацыі «Freedom House» рэкамендацыйны ліст для прадпрымальніка. Такі ліст можа значна спрасціць працэдуру атрымання ВНЖ. У прашэнні гаварылася, што Апсітам можа пагражаць небяспека ў Беларусі.

Апсіт – уладальнік клінінгавай кампаніі «Чысты свет». Фірма зарабіла мільёны еўра на дзяржаўных кантрактах у Беларусі і Расеі. У Латвіі бізнесоўца падазраюць у адмыванні грошай. Там арыштавалі больш за 70 мільёнаў еўра на банкаўскім рахунку Апсіта, паведамляў раней Беларускі расследавальніцкі цэнтр.

Беларускае Радыё Рацыя