Кіраўнік Дзяржкаммаёмасці: Маштабная прыватызацыя ў Беларусі не плануецца



Маштабная прыватызацыя ў Беларусі не плануецца, заявіў старшыня Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Дзмітрый Матусевіч, выступаючы на калегіі ведамства паводле вынікаў года.

Каментуючы задачы камітэта на гэты год, Матусевіч звярнуў увагу на зямельныя адносіны. „У сферы зямельных адносін неабходна ажыццявіць актывізацыю рынку зямлі з адначасовым спрашчэннем яе абароту. Пры гэтым статус зямель сельскагаспадарчага прызначэння або ляснога фонду застаецца нязменным”, — цытуе Матусевіча прэс-служба Дзяржкаммаёмасці.

Закранаючы іншыя планы ведамства на 2021 год, ён адзначыў, што „ў галіне геадэзіі і картаграфіі працягнем рухацца ў напрамку стварэння паўнавартаснай інфраструктуры прасторавых даных у інтарэсах нацыянальнай эканомікі”. „У сферы павышэння эфектыўнасці дзяржмаёмасці будзем працаваць над скарачэннем колькасці аб’ектаў, што не выкарыстоўваюцца і неэфектыўна выкарыстоўваюцца”, — сказаў Матусевіч.

Ён звярнуў увагу на тое, што дзяржава з’яўляецца буйным уласнікам на рынку нерухомасці. „У дзяржуласнасці на сёння знаходзяцца будынкі, збудаванні, ізаляваныя памяшканні агульнай плошчай 120,9 мільёна квадратных метраў. У 2020 годзе праца, скіраваная на скарачэнне колькасці маёмасці, якая не выкарыстоўваецца, праводзілася ў дачыненні да 2.059 аб’ектаў дзяржаўнай уласнасці”, — сказаў кіраўнік камітэта.

Закранаючы тэму дзяржпрадпрыемстваў, Матусевіч адзначыў, што ў гэтай сферы „будзе ажыццяўляцца эвалюцыйнае ўдасканаленне падыходаў па кіраванні для атрымання максімальнай аддачы ад такіх актываў, росту іх кошту”, „масавая прыватызацыя не плануецца”.

Восенню мінулага года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ўлады не разглядаюць „пытанні прыватызацыі нашых буйных гіганцкіх кампаній”.

Для павышэння эфектыўнасці дзяржпрадпрыемстваў урад працуе над падрыхтоўкай законапраекта аб дзяржсектары. У праекце канцэпцыі закона аб дзяржсектары, з якім азнаёміўся БелаПАН, адзначаецца, што дзяржаўны сектар Беларусі „налічвае значную колькасць аб’ектаў, якія ахопліваюць шырокі спектр відаў эканамічнай дзейнасці, фармуючы прыблізна 50% ВУП”. Як вынікае з праекта канцэпцыі, на камерцыйныя арганізацыі дзяржсектара прыпадае 60% выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг, а таксама тры чвэрці аб’ёму прамысловай вытворчасці.

belapan.by