Кіраўнік НАН: Беларускія навукоўцы заслугоўваюць Нобелеўскай прэміі
Атрымаць Нобелеўскую прэмію беларускім навукоўцам перашкаджае толькі сціпласць. Такое меркаванне на прэс-канферэнцыі 22 верасня ў Менску выказаў старшыня прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Уладзімір Гусакоў.
„Ёсць сэнс казаць [аб вылучэнні беларускіх вучоных на Нобелеўскую прэмію], і мы пра гэта гаворым, — адзначыў ён. — Чаму да гэтага часу ў нас [у НАН] не было нобелеўскіх лаўрэатаў, дык гэта з-за сціпласці беларусаў, а не таму, што ў нас няма работ аналагічных і раўназначных. Калі мы аналізуем працы, якія прайшлі, то бачым, што ў нас ёсць значна лепшыя і мацнейшыя”.
Як падкрэсліў Гусакоў, беларусы ганарацца тым, што лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па фізіцы ў 2000 годзе стаў іх суайчыннік — ураджэнец Чашнікаў (Віцебская вобласць) Жарэс Алфёраў, але „трэба, каб было больш беларусаў — лаўрэатаў прэміі”.
„Таму цяпер мы ставім задачу — адкінуць лішнюю сціпласць і ўдзельнічаць нароўні з прэтэндэнтамі з іншых краін. Па распрацоўках беларускія навукоўцы не саступаюць замежным. <…> Трэба фарміраваць дакументы і заяўляць пра сябе ў поўны голас. Там цэлая працэдура, па якой трэба заручыцца падтрымкай розных супольнасцяў. Прайсці ўсе этапы вельмі складана, але гэта трэба рабіць”, — падсумаваў кіраўнік НАН.
У 2015 годзе лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры стала беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч. Нобелеўскі камітэт прысудзіў ёй прэмію за „шматгалосае гучанне прозы і ўвекавечанне пакуты і мужнасці”. Медаль і дыплом нобелеўскага лаўрэата Алексіевіч атрымала з рук караля Швецыі Карла XVI Густава 10 снежня на ўрачыстай цырымоніі ў Стакгольме.