Кіраўніца МВФ паўстане перад судом



urlКіраўніцу Сусветнага валютнага фонду Крысцін Лагард выклікалі ў французскі суд паводле справы пра выплату ўладамі краіны кампенсацыі 400 мільёнаў еўра бізнесоўцу Бернару Тапі ў перыяд, калі яна ўзначальвала Міністэрства фінансаў, паведамляе расейская служба BBC.

Лагард падазраюць у саўдзеле ў махлярстве. Пра пачатак афіцыйнага расследавання ў дачыненні да яе было абвешчана яшчэ летам мінулага года. Улады Францыі ўжо адзначылі, што працэс не перашкодзіць ёй застацца на чале МВФ як мінімум да вынясення прысуду.

Сама Лагард заявіла, што мае намер абскардзіць пастанову пра яе прыцягненне да судовага працэсу. Раней яна ўжо давала ў судзе сведчанні па справе Тапі, але ў статусе сведкі.

У пачатку снежня парыжскі суд абавязаў Бернара Тапі вярнуць дзяржаве 285 мільёнаў еўра. Тапі атрымаў іх у 2008 годзе з бюджэту як кампенсацыю за дзеянні прадстаўнікоў банка Credit Lyonnais, які ў 1990-х гадах належаў дзяржаве.

У 1993 годзе банк на просьбу Тапі выставіў на продаж кампанію “Adidas”, якая належала бізнесоўцу. Створаны адмыслова для правядзення гэтай угоды кансорцыум рэалізаваў кампанію за 2 мільярды франкаў (амаль 320 мільёнаў еўра), як і хацеў Тапі.

Аднак пасля гэтага бізнесовец абвінаваціў банк у махлярстве. На думку Тапі, банк таемна уклаў дамоўленасці з пакупнікамі, увесь прыбытак ад якіх пакінуў сабе. У сувязі з гэтым бізнесовец звярнуўся ў суд па кампенсацыю.

У 2007 годзе для праверкі ўгоды Мінфін Францыі, які тады ўзначальвала Лагард, на рэкамендацыю прэзідэнта Нікаля Сарказі перадаў яе ў арбітражны суд. Праз год ён пастанавіў выплаціць бізнесоўцу кампенсацыю шкоды сумай амаль 400 мільёнаў еўра.

Гэтая пастанова выклікала ў Францыі негатыўную рэакцыю, а апазіцыя абвінаваціла Лагард у ціску на суд. У выніку створаны для здзяйснення ўгоды кансорцыум абскардзіў пастанову суда, а Тапі сам патрапіў пад падазрэнне ў махлярстве.

Фота Reuters