Кірыл Руды: 2018 год павінен стаць прарыўным на рынак Кітая



Бягучы год павінен стаць прарыўным у пастаўках беларускай харчовай прадукцыі на кітайскі рынак. Аб гэтым заявіў 6 сакавіка журналістам Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Кітаі Кірыл Руды пасля прэзентацыі сваёй кнігі „Потому что так решили мы: поведенческая экономика Беларуси и ее раскодирование”.

„Фальстарту пакуль няма, але мы блізкія да таго, каб „сарвацца” па харчовай прадукцыі, каб яна пайшла на кітайскі рынак. Падпісаны кантракты, цяпер трэба вельмі дакладна іх выканаць. Гэта вялікая адказнасць”, – сказаў Кірыл Руды.

Ён нагадаў, што ў канцы года былі падпісаны кантракты на пастаўку ў Кітай беларускай малочнай і мясной прадукцыі на $114 млн. „У 2017 годзе былі пастаўкі на $15 млн, у 2016-м – на $5 млн. Калі мы рэалізуем прадукцыі на $114 млн, гэта будзе прарыў”, – упэўнены пасол.

Таксама Кірыл Руды расказаў, што пачаліся пастаўкі ў Кітай прадукцыі дрэваапрацоўчай прамысловасці, вырабленай вядомымі брэндамі ў Беларусі. „Гэта добры прыклад для нашага „Беллеспаперапрама” нарошчваць пастаўкі на гэты рынак”, – лічыць ён.

Акрамя таго, паводле слоў Кірыла Рудога, актыўна вядзецца работа па пошуку інвестараў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень”.

6 сакавіка ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі Кірыла Рудога „Потому что так решили мы: поведенческая экономика Беларуси и ее раскодирование”. Кніга з’яўляецца працягам калектыўнай манаграфіі „Финансовая диета: реформы государственных финансов Беларуси”, якая была апублікавана ў 2016 годзе.

Кніга выдадзена РВУ „Выдавецкі дом „Звязда” пры фінансавай падтрымцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Беларусі ў партнёрстве з пасольствам Вялікабрытаніі ў Беларусі і Беларускім народным банкам.

belta.by