Кітай пабудуе футбольны стадыён і басейн у Менску



Аляксандр Лукашэнка даручыў забяспечыць гатоўнасць да пачатку будаўніцтва ў Менску нацыянальнага футбольнага стадыёна і басейна міжнароднага стандарту ў першай палове 2020 года. Адпаведнае распараджэнне ён зрабіў 6 жніўня на сустрэчы з кіраўніцтвам Адміністрацыі прэзідэнта, Менгарвыканкама і іншымі чыноўнікамі, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка разгледзеў праекты ўказаў аб будаўніцтве згаданых спартыўных аб’ектаў. Іх плануецца пабудаваць за кошт бязвыплатнай тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. Такое супрацоўніцтва Беларусі і Кітая, сказаў кіраўнік дзяржавы, „павінна стаць прыкладам для іншых праектаў, якія плануецца рэалізаваць у будучыні”.

Паводле слоў афіцыйнага лідара, вельмі важна стварыць усе неабходныя ўмовы, каб „пабудаваць басейн і стадыён у самыя кароткія тэрміны на належным узроўні і па міжнародных стандартах”. „Я прасіў падрыхтаваць праекты ўказаў з упорам на гэта. Каб мы, атрымаўшы бясплатныя грошы, не валакіцілі кітайцаў. Гэта яны будуць будаваць гэты аб’ект. Вядома, з нашых матэрыялаў, нашы людзі будуць там працаваць у асноўным. Але каб у кітайцаў не было скаргаў, што ў нас там нейкія незразумелыя стандарты, якія засталіся, напэўна, не тое што з савецкіх часоў, да рэвалюцыі яшчэ па некаторых з іх будавалі. Пра гэта я ўжо папярэджваў і міністра, і прэм’ер-міністра, што павінны быць уведзеныя еўрапейскія стандарты. Пакінуць трэба толькі там, дзе мы бачым, што нашы стандарты не горшыя. Але тут мы будзем будаваць па міжнародных стандартах”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што кітайскі бок гатовы пачаць будаўніцтва спартыўных аб’ектаў у першай палове наступнага года. „Гатовы і пачне, Мікалай Генадзьевіч”, — папярэдзіў Лукашэнка намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Мікалая Снапкова. Ён падкрэсліў, што ў інтарэсах Беларусі „забяспечыць бездакорнае выкананне дамоўленасцяў з кітайскім бокам”. „Таму я і кажу: пачне. Таму што гэта залежыць сёння толькі ад нас”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Беларускі бок, сказаў ён, павінен падрыхтаваць пляцоўкі пад будаўніцтва спартыўных аб’ектаў і перадаць іх партнёрам з Кітая. Лукашэнка адзначыў, што яму вядома пра „праблемы па грунтах”, у прыватнасці ў раёне будаўніцтва басейна, і пра „працоўныя моманты” з пляцоўкай для нацыянальнага стадыёна, і распарадзіўся іх вырашыць.

Лукашэнка таксама папярэдзіў, каб у месцах будаўніцтва „не секлі лішнія дрэвы”. „Хоць я разумею — там шмат дрэў ужо старых, іх усё роўна трэба было мяняць. Калі мы высякаем 10—20 дрэў, то мы павінны замест гэтага высадзіць дрэвы побач або ў іншых месцах. Парадак вызначаны”, — нагадаў ён.

Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы засумняваўся ў прапанове вызначыць у якасці адказных за будоўлі Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па водных відах спорту і Нацыянальны алімпійскі стадыён „Дынама”. „Чаму мы аддаем на гэтыя арганізацыі гэтыя будоўлі? Насцярожанасць, ці не хочуць міністры і вялікія начальнікі на нечыя плечы скінуць адказнасць? Ці справіцца стадыён” Дынама „з кантрольнымі функцыямі па будаўніцтве Нацыянальнага футбольнага стадыёна і ці справіцца рэспубліканскі цэнтр па водных відах спорту з узвядзеннем плавальнага басейна міжнароднага стандарту? Ці змогуць яны забяспечыць інжынерна-тэхнічнае, юрыдычнае суправаджэнне і эксплуатацыю аб’ектаў на высокім узроўні?” — задаўся пытаннямі Лукашэнка.

Паводле яго слоў, басейн і стадыён павінны быць пабудаваны да 2023 года і ўжо сёння „неабходна планаваць і прапрацоўваць правядзенне адпаведных міжнародных спаборніцтваў вышэйшага ўзроўню на гэтых аб’ектах”. „Стадыён і плавальны басейн мы будзем будаваць. Яны нам вельмі патрэбныя. Таму што гэта не дзяржава, якая не мае такіх нацыянальных аб’ектаў”, — лічыць Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў Беларусі футбол — „народны від спорту і спорт нумар адзін”, таму „нядобра” не мець „чыста футбольнага нацыянальнага стадыёна, дзе будзе выступаць нацыянальная зборная, гуляць лепшыя нашы клубы, праводзіцца матчы міжнароднага ўзроўню”.

Ён заявіў, што ў краіне „нядрэнная школа плавання”, якое з’яўляецца „медаляёмістым” відам спорту. Тым не менш Лукашэнка канстатаваў: „Шчыра сказаць, у футбол мы гуляць не ўмеем, плаваць развучыліся. Але гэта асобная размова ў мяне будзе з профільнымі міністрамі і іншымі спартыўнымі арганізацыямі”.

belapan.by

Фота ТУТ бай