Кітай пабудуе ў абласцях Беларусі і Менску 22 сацыяльныя дамы



Беларусь і Кітай заключылі пагадненне аб рэалізацыі другога этапу праекта па будаўніцтве сацыяльнага жылля.

У адпаведнасці з пагадненнем, апублікаваным 17 чэрвеня на Нацыянальным прававым партале, падчас рэалізацыі другога этапу праекта „Будаўніцтва сацыяльнага жылля” ў Беларусі будзе пабудавана 1.854 кватэры сацыяльнага жылля ў 22 дамах у шасці абласцях краіны і Менску. Кітайскі бок бярэ на сябе расходы па будаўніцтве ў межах праекта, даручае кампаніі, якая кіруе праектам, ажыццяўляць вонкавы нагляд і кіраванне фінансаваннем.

Расходы на рэалізацыю праекта ўключаюць: стварэнне чарцяжоў будаўніцтва, будаўнічыя работы, пастаўку неабходнага абсталявання і матэрыялаў, іх мантаж і наладку, а таксама іншыя расходы, прадугледжаныя праектнай дакументацыяй.

Вызначана, што расходы ў рамках праекта не павінны перавысіць 349,09 млн кітайскіх юаняў. Гэта прыблізна 50 млн долараў ЗША ў эквіваленце. У тым ліку расходы па абласцях: Берасцейскай — 32,51 млн, Віцебскай — 55,53 млн, Гомельскай — 54,73 млн, Гарадзенскай — 47,51 млн, Менскай — 81,04 млн, Магілёўскай — 61,77 млн, расходы па Менску — 16 млн юаняў, а таксама адпаведныя расходы кампаніі па кіраванні праектам ад кітайскага боку — не больш за 20,01 млн юаняў.

Гэтыя расходы фінансуюцца са сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі, прадугледжаных міжурадавым беларуска-кітайскім пагадненнем аб тэхніка-эканамічнай дапамозе ад 29 верасня 2016 года, і сродкаў тэхніка-эканамічнай дапамогі ў 2017 годзе.

Узводзіць дамы будзе будаўнічае прадпрыемства, выбранае „паводле вынікаў тэндару з рэкамендаваных кітайскім бокам кітайскіх прадпрыемстваў”.

Рэалізацыя першага этапу гэтага праекта пачалася ў 2016 годзе. Тады прадугледжвалася пабудаваць 16 сацыяльных дамоў на 1.432 кватэры ў Берасці, Пінску, Віцебску, Оршы, Гомелі, Буда-Кашалёве, пасёлку Юбілейным, Мазыры, Светлагорску, Гародні, Магілёве, Бабруйску і Асіповічах.

belapan.by