Кітай выдаткуе Беларусі ільготны крэдыт у 1,7 млрд юаняў



Беларусь у 2018-2023 гадах прыцягне ільготны ўрадавы крэдыт Кітайскай Народнай Рэспублікі на 15 гадоў для рэалізацыі першага этапу інвестыцыйнага праекта „Арганізацыя высокатэхналагічнай аграпрамысловай вытворчасці поўнага цыклу на 2016-2032 гады”. Гэта прадугледжана пастановай Саўміна ўрада ад 7 лютага 2018 года № 105.

 

Як паведамляе прэс-служба ўрада, крэдыт складзе 1 млрд 750 млн кітайскіх юаняў (279,5 млн долараў ЗША).

Гэтым жа дакументам ухвалены праект адпаведнага крэдытнага пагаднення паміж урадам Беларусі ў асобе Міністэрства фінансаў і Экспартна-імпартным банкам Кітая ў якасці асновы для правядзення перамоў аб выдзяленні крэдыту.

Савет міністраў упаўнаважыў на правядзенне перамоў па згаданым праекце і на падпісанне крэдытнага пагаднення міністра эканомікі Уладзіміра Зіноўскага.

У жніўні 2016 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні паблізу Рудзенска (Менская вобласць) на плошчы каля 160 гектараў высокатэхналагічнага аграпрамысловага комплексу поўнага цыклу з акцэнтам на вытворчасці кармоў і кармавых дабавак. У Пухавіцкім раёне плануецца пабудаваць заводы па вытворчасці амінакіслот — лізіну, трэаніну і трыптафану, а таксама заводы па выпуску камбікармоў, па перапрацоўцы насення алейных культур, комплекс збожжасховішчаў, аўтакамбінат. Рэалізацыю праекта ажыццяўляе ЗАТ „Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”, якая атрымала ў сувязі з гэтым шэраг падатковых ільгот і прэферэнцый.

belapan.by