Кітай выдзеліць „Беларусбанку” крэдыт
Кітай выдзеліць „Беларусбанку” крэдыт на 100 млн юаняў (прыблізна 15 млн даляраў ЗША) „для развіцця нацыянальнай эканомікі”, паведамляе пасольства Беларусі ў КНР. Адпаведнае пагадненне падпісанае 24 красавіка на сустрэчы пасла Беларусі Кірыла Рудага і старшыні праўлення Банка развіцця Кітая Чжао Хуана.
Як паведамлялася, 25—27 красавіка Аляксандр Лукашэнка возьме ўдзел у II Форуме міжнароднага супрацоўніцтва „Пояс і шлях” у Пекіне. На саміце ён прэзентуе прапановы беларускага боку аб развіцці гэтай глабальнай ініцыятывы, паглыбленні супрацоўніцтва на еўразійскай прасторы з акцэнтам на стварэнні раўнапраўнай і празрыстай сістэмы міжнароднага гандлю.
Акрамя таго, на палях мерапрыемства беларускі кіраўнік правядзе шэраг двухбаковых сустрэч.
Запланаваная таксама яго сустрэча са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам, на якой бакі абмяркуюць рэалізацыю найбольш значных сумесных праектаў, развіццё міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і перспектывы паглыблення беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння ў гандлёва-эканамічнай, інвестыцыйнай, гуманітарнай і іншых сферах.
ААТ „ААБ „Беларусбанк” — найбуйнейшы беларускі камерцыйны банк. Доля дзяржавы ў яе статутным фондзе складае 98,761%. Паводле вынікаў працы за першы квартал 2019 года банкам атрыманы прыбытак у 63 млн рублёў. На долю банка прыпадае 41,3% рэсурснай базы ў банкаўскім сектары і 47% патрабаванняў банкаў да эканомікі. За тры месяцы рэнтабельнасць дзейнасці склала 10,5%.