Кітайская кампанія Zoomlion пабудуе завод у парку „Вялікі камень”



Кітайская Кампанія Zoomlion пабудуе буйны завод па стварэнні абсталявання для беларуска-кітайскай спецтэхнікі, якая збіраецца сумесна з Менскім аўтазаводам. Першы камень будучай вытворчасці закладуць 15 красавіка на тэрыторыі індустрыяльнага парку пад Менскам, паведамілі журналістам у ААТ „МАЗ”.

У будаўніцтва завода ў „Вялікім камені” кітайская кампанія плануе ўкласці каля 45 млн долараў. Першая прадукцыя, як чакаецца, з’явіцца ў 2019 годзе. Пад Менскам будуць ствараць кітайскае навясное абсталяванне для камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі. Потым яго будуць везці ў Магілёў, дзе на свабодных плошчах „Магілёўтрансмаша” ўсталююць на беларускія шасі, каб атрымаць гатовыя спецмашыны.

Раней МАЗ і Zoomlion стварылі і сертыфікавалі тры адзінкі тэхнікі: аўтакраны грузападымальнасцю 40 і 60 тон і камунальны аўтамабіль. Беларуска-кітайскі тандэм плануе, перш за ўсё, развіваць лінейкі аўтакранаў, камунальнай і дарожна-будаўнічай тэхнікі.

„Будаўніцтва завода пад Менскам дасць магчымасць павысіць лакалізацыю вытворчасці. Акрамя таго, гэта значна больш эфектыўна: не трэба будзе вазіць абсталяванне з Кітая. Усё будзе рабіцца тут, пад рукой, — адзначыў дырэктар заснаванага ў канцы лютага сумеснага прадпрыемства ТАА „Зумліён-МАЗ” Юрый Півавараў. — Zoomlion плануе стварыць некалькі сумесных прадпрыемстваў (у якасці партнёраў могуць выступіць МАЗ, БелАЗ, Гомсельмаш і МТЗ). У „Вялікім камені” будзе выпускацца абсталяванне для ўсіх з іх”.

У чэрвені беларуска-кітайскія спецмашыны прадставяць у Маскве на буйной будаўнічай выставе CTT. „Цяпер мы працуем над завяршэннем шасі і навяснога абсталявання. Калі яны „зрастуцца”, будзе паўнавартасны рынкавы прадукт з адпаведнымі тэхнічнымі характарыстыкамі”, — дадаў Півавараў.

Да снежня спецыялістам трэба вывучыць рынак і распрацаваць восем новых вырабаў, а ў наступным годзе запусціць іх у серыйную вытворчасць. Спецмашыны плануецца пастаўляць на ўнутраны рынак, а таксама ў Расію, Украіну, іншыя краіны СНД і Еўропы. Не выключана, што новая тэхніка знойдзе ўжыванне ў Польшчы і краінах Балтыі.

ТАА „Зумліён-МАЗ” будзе выпускаць аўтакраны, аўтабетонапомпы, аўтамабільныя змяшальнікі і камунальную тэхніку. Пакуль што спецмашыны будуць ствараць шляхам буйнавузлавой зборкі. Пасля глыбіня вытворчасці вырасце ў некалькі разоў.

belapan.by