Кітайскія інвестары плануюць прыйсці на Гарадзеншчыну



Кітайскія інвестары маюць намер будаўніцтва на Гарадзеншчыне турыстычнага цэнтру. Першапачаткова плануецца, што цэнтр будзе размешчаны на беразе Нёмана, у непасрэднай блізкасці ад Аўгустоўскага канала. Зацікаўленне прадстаўнікоў кітайскага бізнэсу, у прыватнасці правінцыі Ганьсу, супрацай з Прынёманскім рэгіёнам пацверджваецца падпісанай праграмай супрацоўніцтва да 2020 году. Як зазначае старшыня Гарадзенскага абласнога выканкама Уладзімір Краўцоў, эканоміка вобласці патрабуе буйных інвестыцый, якія кітайскія бізнес-колы могуць ажыццявіць:

– Даўно саспела неабходнасць мадэрнізацыі вытворчасці, асобных яго відаў. Гэта не кароткачасовая кампанія. Гэта сур’ёзны накірунак. Асноўнае пытанне – стварэнне ўмоваў для таго, каб гэтыя мадэрнізацыя сапраўды адбывалася ва ўсіх нашых сферах і ў першую чаргу ў эканоміцы. Перадусім у прамысловасці.

Кітайскія бізнесоўцы выказваюць жаданне супрацы з Гарадзеншчынай у такіх накірунках дзейнасці, як стварэнне сумесных прадпрыемстваў па вытворчасці электронікі, прадукцыі хімічнай прамысловасці і метала-апрацоўкі. Улады вобласці выказваюць жаданне дапамагчы стварыць кітайцам у Гародні медычны цэнтр.

Беларускае Радыё Рацыя