Клімавіцкі лікёра-гарэлкавы завод заявіў пра банкруцтва
У эканамічны суд Магілёўскай вобласці паступіла заява ад ААТ „Клімавіцкі лікёра-гарэлкавы завод” аб банкруцтве.
Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік суда Ян Клюеў, заява паступіла 14 жніўня ад самога завода, які ў гэтым выпадку з’яўляецца даўжніком, і пакуль не прынятая да вытворчасці. „Разгляд пытання прызначаны на 7 верасня. Суд будзе даследаваць дакументы і вырашаць, ці дастаткова іх для распачынання справы”, — адзначыў Клюеў.
Фінансавая сітуацыя на заводзе складаная і працягвае ўскладняцца, паведаміў БелаПАН генеральны дырэктар прадпрыемства Міхаіл Акулік. „Сітуацыя фінансавая складаная. Жывем толькі на хуткай дапамозе. Падаткі не можам своечасова выплаціць”, — распавёў кіраўнік. Генеральны дырэктар не стаў нікога вінаваціць у такім становішчы, спаслаўшыся на нядоўгі перыяд сваёй працы на прадпрыемстве. Ён прапанаваў звярнуцца з гэтым пытаннем у холдынг „Мінск Крышталь груп”, куды ўваходзіць Клімавіцкі завод, або ў канцэрн „Белдзяржхарчпрам”.
„З маім удзелам праводзілі неаднаразова нарады і спрабавалі знайсці выйсце. А выйсце адно — патрэбная фінансавая дапамога, але, на жаль, яе не знайшлі, і сітуацыя такая, якая ёсць”, — адзначыў Акулік, не паведаміўшы пры гэтым патрабаваны памер фінансавай дапамогі. „Не ведаю, колькі, трэба садзіцца лічыць. Было менш, стала больш. Тут з кожным месяцам сітуацыя ўскладняецца па заводзе”, — сказаў гендырэктар. Паводле яго слоў, сёння на Клімавіцкім лікёра-гарэлачным заводзе працуюць 600 чалавек.
Адзначым, што Міхаіл Акулік, прапрацаваўшы каля 20 гадоў на Слонімскім вінна-гарэлкавым заводзе, прыйшоў на клімавіцкае прадпрыемства ў канцы зімы 2017 года, змяніўшы ранейшага гендырэктара Алега Буянава. Буянаў узначальваў Клімавіцкі ЛГЗ з вясны 2014 года.
Клімавіцкі лікёра-гарэлкавы завод, размешчаны на беразе ракі Лабжанка, прытоку Сажа, на тэрыторыі былога рэктыфікацыйнай завода, заснаваны ў 1858 годзе Карлам Камінскім.
belapan.by