Колькасць абанентаў 4G-сеткі аператара life:) за год вырасла на 40%



Тэлекам-аператар life:) у 2019 годзе павялічыў колькасць 4G-абанентаў на 40% — да больш чым паўмільёна карыстальнікаў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе аператара.

„Мы працягваем развіваць сетку 4G, што спрыяе росту спажывання дадзеных і выкарыстанню лічбавых сэрвісаў. Сёння ў сярэднім data-абанент нашай сеткі выкарыстоўвае 9 ГБ трафіку штомесяц, што на 50% вышэй у параўнанні з папярэднім годам”, — пракаментаваў в.а. генеральнага дырэктара life:) Эрдал Яйла.

„Колькасць карыстальнікаў 4G за апошні год павялічылася на 40%: у лістападзе 2019 года мы дасягнулі лічбы больш чым паўмільёна 4G-абанентаў. Мы вельмі цэнім такі давер, таму ў сваёй працы робім акцэнт на празрыстасці нашых прапаноў, паслуг і зносін з абанентамі”, — дадаў кіраўнік кампаніі.

4G-сетка life:) таксама працягвае развівацца: за 2019 год аператар запусціў 470 новых базавых станцый 4G у 62 населеных пунктах Беларусі. Сярод іх як буйныя раённыя гарады Пінск, Баранавічы, Кобрын, так і невялікія населеныя пункты.

У кампаніі нагадалі, што з ліпеня 2019 года высакахуткасны інтэрнэт стандарту LTE стаў даступны абанентам на станцыях і ў перагонах мінскага метро. Доля карыстальнікаў сеткі сувязі чацвёртага пакалення расце з кожным днём, таму развіццё 4G-сеткі ў рэгіёнах і аддаленых кутках Беларусі аператар называе сваім прыярытэтам.

ЗАТ „Беларуская сетка тэлекамунікацый” (брэнд life:)) зарэгістраваная 5 лістапада 2004 года і першапачаткова развівалася як беларускі дзяржаўны аператар сотавай сувязі. У ліпені 2008 года найбуйнейшы турэцкі мабільны аператар Turkcell набыў 80% акцый ЗАТ „БеСТ” за 600 млн долараў, 20% захаваліся за беларускім бокам у асобе Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. У снежні 2008 года аператар „БеСТ” пачаў працу пад брэндам life:).

Агульная колькасць абанентаў life:) — 1,5 млн. Па выніках 2018 года аператар павялічыў выручку на 11,7% амаль да 125 млн рублёў, чыстая страта кампаніі за год скарацілася на 11,9% і склала 37 млн рублёў.