Колькасць беларускіх гастарбайтараў за 2012—2019 павялічылася амаль утрая
У 2019 годзе колькасць грамадзян Беларусі, якія выехалі працаваць за мяжу, дасягнула рэкорднага значэння, сведчаць звесткі аб працоўных рэсурсах, апублікаваныя ў штогадовым бюлетэні „Працоўныя рэсурсы і занятасць насельніцтва Рэспублікі Беларусь”.
Нацыянальны статыстычны камітэт праводзіць выбарачныя абследаванні па пытаннях занятасці з 2012 года. Звесткі аб грамадзянах Беларусі, якія працуюць за мяжой, паказваюць на іх пастаянны рост. Так, калі ў 2012 годзе, згодна з ацэнкай статкамітэта, за межамі Беларусі працавала 55,4 тыс. чалавек, то ў 2017-м — 82,4 тыс., у 2018-м — 127,4 тыс., а ў 2019-м — 157,9 тыс.
Такім чынам, за 2012—2019 гады колькасць беларускіх гастарбайтараў, паводле афіцыйнай ацэнкі, амаль патроілася.
На думку беларускіх эканамістаў, такая дынаміка абумоўленая некалькімі прычынамі.
„Рынак працы ў XXI стагоддзі становіцца глабальным, таму цалкам натуральна, што ў апошняе дзесяцігоддзе колькасць беларускіх гастарбайтараў прыкметна павялічылася. Тым больш што некаторыя краіны ЕЗ, асабліва Польшча, у гэты перыяд спрашчалі міграцыйнае заканадаўства і выехаць туды на працу стала прасцей”, — адзначыў у каментары БелаПАН дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык.
Статданыя, адзначае ён, сведчаць аб тым, што апошнім часам большасць беларускіх гастарбайтараў працавалі ў Расеі і Польшчы.
Рост працоўнай міграцыі, лічаць эканамісты, выкліканы таксама ўнутранымі фактарамі.
„У краіне для шэрагу спецыялістаў не аказалася працоўных месцаў з зарплатай, якая б іх задавальняла. Да таго ж у нас дэпрэсіўных рэгіёнаў у Віцебскай і Магілёўскай абласцях стала больш, людзі не ўбачылі, напэўна, магчымасцяў там уладкавацца на працу і, паколькі ў нас мяжа з Расеяй да апошняга часу была адкрытая, паехалі туды на заробкі”, — выказаў меркаванне ў каментары БелаПАН навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Алег Мазоль.
Эксперты бачаць некалькі сцэнарыяў, якія могуць быць характэрныя для працоўнай міграцыяй у будучыні.
„З-за каронавіруса існуюць рызыкі ўзмацнення жорсткасці міграцыйнай палітыкі ў суседніх краінах, працоўныя месцы будуць пакідаць перш за ўсё для сваіх. У гэтым выпадку ў суседніх краінах скароціцца попыт на нізкакваліфікаваную працоўную сілу, але пры гэтым з-за расчаравання эканамічнай сітуацыяй у Беларусі можа вырасці міграцыя кваліфікаванай працоўнай сілы”, — мяркуе Чубрык.
Іншыя эканамісты звяртаюць увагу на тое, што некаторыя краіны Еўразвяза, сутыкнуўшыся з недахопам сезонных рабочых, сёлета змякчылі міграцыйнае заканадаўства. У прыватнасці Эстонія на мінулым тыдні прыняла рашэнне дазволіць прыезджым сезонным рабочым знаходзіцца ў краіне да 180 дзён за год, а Італія яшчэ ў маі вырашыла даваць працоўным мігрантам (сезонным рабочым) права на жыхарства на паўгода.
„У краінах ЕЗ не хапае сезонных рабочых, і яны могуць спрасціць для іх міграцыйны рэжым, адпаведна, існуе верагоднасць таго, што беларусы, якія ездзілі на заробкі ў Расею, пры пэўных умовах, калі ім гэта будзе выгадна, паедуць займацца часовай працай у краіны ЕЗ”, — прагназуе Мазоль.