Колькасць беспрацоўных працягвае расці



За год афіцыйная колькасць беспрацоўных на Гарадзеншчыне павялічылася ўдвая. Пра гэта сведчаць дадзеныя абласнога ўпраўлення статыстыкі, згодна з якімі лічба зарэгістраваных беспрацоўных складае 5 тысяч дзявяноста чалавек. Самы высокі ровень зафіксаванага беспрацоўя (амаль паўтара працэнта ад агульнай колькасці працаздольнага насельніцтва) зарэгістраваны ў Гародні і Лідзе – самых буйных гарадах Прынёманскага рэгіёна. Нявыкананне ўладай сваіх абяцанняў і немагчымасць забяспечыць працай насельніцтва з’яўляецца паказчыкам таго, што эканоміка краіны прыйшла ў заняпад – лічыць старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў радыё-электроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч: – Той эканамічны курс, які ўзяў урад краіны, прыводзіць да таго, што ўсё адбіваецца на людзях. Такога яшчэ не было за апошнія 20 год.   Штомесяц у цэнтрах занятасці Гарадзенскай вобласці рэгіструецца  каля дзвюх тысяч чалавек. Больш паловы з іх атрымлівае статус беспрацоўных, які дае магчымасць налічэння грашовай кампенсацыі. Сярэдні памер месячнай выплаты па беспрацоўі складае дзвесце дваццаць шэсць тысяч беларускіх рублёў. Беларускае Радыё Рацыя Фота rh.by