Колькасць беспрацоўных у Берасці павялічылася на 5 тысяч чалавек



На пяць тысяч чалавек павялічылася сёлета колькасць беспрацоўных у Берасці. Такія лічбы былі агучаныя ва ўпраўленні па труду, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Берасцейскага гарадскога выканаўчага камітэту. Толькі за 9 месяцаў гэтага году з просьбай пасадзейнічаць у працаўладкаванні звярнулася больш за 6700 чалавек, з іх у якасці бепрацоўных былі зарэгістраваныя каля 4800 чалавек. У параўнанні з мінулым годам колькасць зваротаў павялічылася на 24 і 62 працэнты адпаведна. Старшыня Берасцейскай абласной арганізацыі партыі левых ’’Справядлівы свет’’ Леанід Майструк лічыць, што на практыцы колькасць беспрацоўных у разы перавышае афіцыйныя лічбы:

 – 4-5 тысяч – гэта не рэальная лічба колькасці беспрацоўных у Берасці. Я скажу, што гэтая лічба вельмі сумніўная. Чаму? Таму што да мяне звяртаецца шмат людзей, напэўна, па старой памяці, калі я быў дэпутатам у Вярхоўным савеце, у абласным савеце, прыходзяць людзі і просяць працаўладкаваць кагосьці. Гэтая праблема вельмі сурёзная.

Пытанне працаўладкавання берасцейцаў з кожным днём становіцца ўсё больш вострым. Гэта з аднаго боку звязана з агульным скарачэннем працоўных на прадпрыемствах і пераходам на трох- і чатырохдзённы графік працы, з іншага боку – згодна апошніх зменаў заканадаўства – прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за працанеўладкаванасць цягам году і ў сувязі з гэтым невыплату падатку.

Беларускае Радыё Рацыя