Колькасць інтэрнэт-крамаў у Беларусі вырасла на 20%



За 2018 год у Беларусі колькасць інтэрнэт-крамаў, зарэгістраваных у гандлёвым рэестры, вырасла на 20% і на 1 студзеня 2019 года склала 19,4 тысячы. Пра гэта 14 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Менску паведаміла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна Гаўрыльчык.

„Інтэрнэт-гандаль развіваецца вельмі і вельмі актыўна. Гэта агульнасусветная тэндэнцыя, і 20% — добры рост. Гэты сегмент гандлю дае на працягу апошніх гадоў стабільны рост”, — сказала яна.

Паводле інфармацыі Гаўрыльчык, з 2010 па 2017 гады тавараабарот інтэрнэт-гандлю вырас больш чым у 30 разоў і склаў 3,4% у агульным аб’ёме тавараабароту. „Мы ў сусветным трэндзе знаходзімся недзе ў сярэдзіне шляху, таму што агульнасусветная доля складае 7%. Дадзеныя па тавараабароце інтэрнэт-гандлю за 2018 год мы даведаемся ў красавіку”, — заўважыла яна.

Паводле яе слоў, найбольшай папулярнасцю сярод пакупак у інтэрнэце карыстаюцца: бытавыя тавары і электроніка, аўтатавары, тавары для прыгажосці і здароўя.

Задачамі дзяржавы ў сферы абароны правоў інтэрнэт-спажыўцоў, нагадала чыноўніца, з’яўляюцца: стварэнне ўмоў, якія забяспечваюць выкананне і абарону правоў спажыўцоў.

Яна звярнула ўвагу, што шэраг тавараў забаронена прадаваць праз інтэрнэт, у тым ліку лекі і БАДы, ювелірныя вырабы, а з 27 ліпеня ўводзіцца забарона на продаж вадкасцяў для электронных сістэм курэння. Акрамя таго, забаронены продаж тавараў праз сацыяльныя сеткі. „Інтэрнэт-крамы могуць там размяшчаць рэкламу або інфармацыю пра сябе, але абавязкова павінна быць гіперспасылка на сайт крамы, зарэгістраваны ў беларускім сегменце”, — патлумачыла спецыяліст.

Гаўрыльчык таксама нагадала, што са снежня мінулага года дзейнічаюць новыя правілы продажу тавараў па падарункавых сертыфікатах, якія распаўсюджваюцца і на электронныя сертыфікаты.

БелаПАН