Колькасць ІП скарачаецца
Падатковыя падрыхтавалі справаздачу па сумах атрыманых падаткаў. Некаторыя рэгіёны таксама паказалі, наколькі скарацілася колькасць ІП.
Так, у Гарадзенскай вобласці па стане на 1 ліпеня на падатковым уліку знаходзілася 27 409 індывідуальных прадпрымальнікаў. Гэта на 4,3 працэнта менш, чым было годам раней. Пры гэтым, нягледзячы на скарачэнне агульнай колькасці ІП, падатковыя адлічэнні ў бюджэт ад індывідуальных прадпрымальнікаў павялічыліся. “У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года паступленні павялічыліся ў супастаўных цэнах на 7,2 млн рублёў, або 15,7 працэнта”, — паведамляюць падатковыя органы.
Падобная сітуацыя і ў Берасцейскай вобласці. Там за год колькасць ІП скарацілася амаль на дзве тысячы — з 36,4 да 34,3 тысячы. Але падатковыя адлічэнні ад ІП павялічыліся.
Белстат падлічыў, колькі беларусы зараблялі ў ліпені
Сярэдні заробак склаў 1933 рублі і 1 капейку. У бюджэтнікаў сярэдні заробак знізіўся за месяц на 60 рублёў. З папраўкай на інфляцыю, то бок з улікам росту цэн, бюджэтнікі страцілі 4,1%.
Найбольшае падзенне заробкаў сярод супрацоўнікаў бюджэтнай сферы адбылося ў адукацыі. Тут заробкі з улікам росту цэн упалі на 10%, у настаўнікаў — на 17%, у выкладчыкаў ВНУ — на 25,7%. Сярэдні заробак у настаўніка цяпер 1541 рубель. У выкладчыка ВНУ — 2057 рублёў.
Губляюць у даходах і беларускія пенсіянеры. Апошні раз пенсію павышалі ў траўні ў сярэднім на 5%. Сярэдні памер пенсіі па ўзросце для пенсіянера, які не працуе, складаў тады 705 рублёў, або 243 даляры ў пераліку на тагачасны курс. Цяпер жа з улікам росту даляра гэта 218 даляраў, або на 25 даляраў менш. Наступнае павышэнне пенсій абяцаюць з верасня.
З 6 верасня перастануць працаваць банкаўскія карты Swedbank
Картамі Swedbank нельга будзе расплаціцца ў пунктах продажу і паслуг, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі, паведамляецца на сайце літоўскага аддзялення банка. У трымальнікаў такіх картаў таксама могуць узнікнуць цяжкасці са здыманнем грошай у банкаматах. У банку рэкамендуюць кліентам, якія збіраюцца наведаць Беларусь, загадзя паклапаціцца пра альтэрнатывы.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Swedbank абмежаваў дзеянне сваіх картаў на тэрыторыі Расеі. У сакавіку-траўні мінулага года былі прыпыненыя плацяжы з/у Расею і Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя