Расце колькасць неплацежаздольных прадпрыемстваў



Пратэрмінаваная запазычанасць па заробках за адзінаццаць месяцаў бягучага года на прадпрыемствах Гарадзеншчыны перавысіла два з паловай мільёны даляраў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў колькасць прадпрыемстваў, якія не ў стане выплаціць заробак, падвысілася ў рэгіёне больш чым у дзесяць разоў. Па папярэдніх падліках незалежных экспертаў, колькасць прадпрыемстваў-неплацельшчыкаў з кожным месяцам будзе павялічвацца, што на думку старшыні Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, сведчыць аб набліжэнні калапса ў эканоміцы краіны.

– Улады аніякага намеру не паказваюць, каб меняць сваю эканамічную палітыку. Сацыяльна-эканамічны крызіс будзе доўжыцца працяглы тэрмін. Усё больш і больш будзе пагаршацца жыццё як шараговых беларусаў, тых хто працуе, так і тых, хто атрымоўвае пенсіі, таму што мы бачым, што робіцца і з пенсіямі.

Як паведамляе Белстат, амаль 70 000 працоўных Беларусі не ў стане атрымаць своечасовыя заробкі. Агульная запазычанасць перавысіла 13 мільёнаў даляраў, колькасць неплацёжаздольных прадпрыемстваў склала 405 і падвысілася ў параўнанні з кастрычнікам амаль у трыццаць разоў.

Беларускае Радыё Рацыя