Колькасць рэзідэнтаў ПВТ вырасла на чвэрць
Наглядальны савет Парка высокіх тэхналогій 13 сакавіка прыняў рашэнне аб рэгістрацыі ў якасці рэзідэнтаў ПВТ адразу 46 новых кампаній.
„За больш як 10-гадовую гісторыю ПВТ такі істотны імгненны прырост – з 192 да 238 рэзідэнтаў, гэта значыць адразу на чвэрць, – адбыўся ўпершыню. Прычынай імклівага росту парка стала падпісанне ў снежні 2017 года Прэзідэнтам дэкрэта нумар 8 „Аб развіцці лічбавай эканомікі”. ІТ-супольнасць дала высокую ацэнку гэтаму дакументу і адгукнулася сустрэчнымі крокамі”, – паведамілі ў ПВТ.
„Большасць з прынятых 13 сакавіка ў ПВТ кампаній створаны нядаўна і арыентуюцца ў сваіх бізнес-планах на прадастаўленыя дэкрэтам нумар 8 выразныя і празрыстыя ўмовы работы ІТ-галіны. Ёсць сярод прынятых і кампаніі, якія раней устрымліваліся ад уступлення ў ПВТ, але дэкрэт нумар 8 змяніў іх меркаванне і падштурхнуў уступіць у парк – 12 з 46 новых рэзідэнтаў створаны да 2016 года”, – растлумачылі ў Парку высокіх тэхналогій.
Прасочваецца тэндэнцыя росту колькасці прадуктовых кампаній: восем новых рэзідэнтаў сканцэнтраваны на стварэнні ўласных прадуктаў, а 21 – рэалізуе змешаную бізнес-мадэль, якая спалучае стварэнне ўласных прадуктаў з распрацоўкай праграмнага забеспячэння на заказ.
Парк высокіх тэхналогій вырас не толькі колькасна, але і якасна, паколькі новыя рэзідэнты ахопліваюць новыя высоказапатрабаваныя на рынку напрамкі дзейнасці і тэхналогіі. Сярод іх распрацоўка праграмнага забеспячэння ў сферы штучнага інтэлекту (нейронныя сеткі, машыннае навучанне, камп’ютарны зрок) і дапоўненай рэальнасці – кампаніі „Вонабай”, „Камера Ферст Дэвелапмент”, „Каноэ”, „Твістэлар” і інш.; распрацоўка ПЗ у сферы збору, апрацоўкі, аналізу вялікіх аб’ёмаў даных (BigData) – кампаніі „БД Тэхналогіі”, „Спіраль Скаўт”; распрацоўка праграмна-апаратных комплексаў у сферы інтэрнэту рэчаў – „Кліка Тэк”; распрацоўка ПЗ у сферы дакладнага земляробства – „УанСоіл”.
У ПВТ таксама прыйшлі пяць рэзідэнтаў, чыя дзейнасць звязана не толькі з праграмным, але і апаратным забеспячэннем – „Клэвэтура”, ВРТЭК, „Кліка Тэк”, „Сірк’ют Інжынірынг Тэхналоджыз”, „Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі”.
Многія новыя рэзідэнты арыентаваны не толькі на экспарт, але і работу на ўнутраным беларускім рынку – „ВайсВэб”, „Інтэрмех”, „Сэрвіс-партнёр”, „Софтмакс Сістэмы Тэлеметрыі”.
Большасць з прынятых 13 сакавіка ў ПВТ кампаній (54 працэнты) створаны з удзелам замежных інвестыцый, і гэта адлюстроўвае давер замежных інвестараў да Парка высокіх тэхналогій і створанай у Беларусі інфраструктуры для ІТ-бізнесу, адзначылі ў парку. Напрыклад, ТАА „МэпДэйта” з’яўляецца цэнтрам распрацоўкі кампаніі Mapbox (ЗША), якая стварыла адну з вядучых сусветных платформ для вызначэння месцазнаходжання, картаграфавання і праектавання ў рэжыме рэальнага часу. Нядаўна Mapbox атрымала $164 млн інвестыцый ад буйнейшага ў свеце фонду SoftBank Vision. У якасці рэзідэнта ПВТ кампанія плануе распрацоўку праграмнага забеспячэння па распазнаванні дарожнай абстаноўкі з выкарыстаннем тэхналогій камп’ютарнага зроку і машыннага навучання.
Такім чынам, па стане на 13 сакавіка 2018 года ў Парку высокіх тэхналогій 238 рэзідэнтаў.