Колькасць стратных арганізацый зноў вырасла
Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных арганізацый у студзені—лютым 2019 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам вырасла з 1.487 да 1.556, або на 4,6%, іх удзельная вага — з 21,7 да 22,7%.
Чысты прыбытак арганізацый на 1 сакавіка 2019 года склаў 2 млрд 127,8 млн рублёў, што на 81,8% больш, чым у студзені—лютым 2018 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 559,4 млн (на 68,8% больш).
Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 10,1% да 2 млрд 338 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 7,2 і 9% адпаведна (у студзені—лютым 2018 года — 7,3 і 9%).
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 36 млрд 442,9 млн рублёў, што на 10,9% больш, чым у студзені—лютым 2018 года.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг у студзені—лютым 2019 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам павялічыўся на 10,9% да 29 млрд 438,8 млн рублёў.