Колькасць стратных прадпрыемстваў у Менску вырасла на 4,1%
Паводле звестак галоўнага статыстычнага ўпраўлення Менска, колькасць стратных арганізацый сталіцы ў студзені—ліпені 2019 года ў параўнанні з такім жа леташнім перыядам вырасла на 4,1% — з 270 да 281, а іх удзельная вага — з 18,4 да 19,2%.
Чысты прыбытак сталічных арганізацый склаў 2 млрд 373,6 млн рублёў, або на 12% больш, чым у студзені—ліпені 2018 года. Прыбытак да падаткаабкладання склаў 2 млрд 997,3 млн (на 9% больш). Прыбытак ад рэалізацыі знізіўся на 8,8% да 3 млрд 362,1 млн рублёў.
Рэнтабельнасць продажу за сем месяцаў склала 7,9% супраць 10% за студзень—ліпень 2018 года, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі — 9,6% супраць 12,4%.
Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый Менска ў наяўных цэнах склала 42 млрд 523,6 млн рублёў, або на 11,1% больш, чым у студзені—ліпені 2018 года.
Сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг за год павялічыўся на 13,4% да 33 млрд 622,5 млн рублёў.