Колькасць стратных прамысловых арганізацый у студзені вырасла на 11,3%



Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, колькасць стратных прамысловых арганізацый у студзені 2021 года ў параўнанні з такім жа месяцам 2020 года павялічылася з 443 да 493 (на 11,3%), іх удзельная вага — з 28,8 да 32,1%.

Сума чыстай страты стратных арганізацый скарацілася на 10,4% да 480,8 млн рублёў, на адну арганізацыю — на 19,5% да 975,2 тыс. рублёў.

Чысты прыбытак арганізацый на 1 лютага 2021 года склаў 39 млн рублёў супраць страты ў 100,4 млн у студзені 2020 года.

Прыбытак да падаткаабкладання склаў 142,4 млн супраць страты ў 34,8 млн у студзені 2020 года.

Прыбытак ад рэалізацыі вырас на 44,8% да 855 млн рублёў. Рэнтабельнасць продажу і рэалізаванай прадукцыі склала 7,9 і 9,9% адпаведна (у студзені 2020 года — 6,8 і 8,5%).

Выручка ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ, паслуг арганізацый краіны ў бягучых цэнах склала 10 млрд 835,5 млн рублёў (+25,2%). Пры гэтым сабекошт рэалізаванай прадукцыі, тавараў, работ, паслуг вырас на 24,7% да 8 млрд 657,8 млн рублёў.

belapan.by