Колькасць звольненых работнікаў у красавіку моцна павялічылася



Колькасць звольненых работнікаў у красавіку 2018 года перавысіла колькасць прынятых на працу на 14.327 чалавек, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.

Так, звольнена 64.135 чалавек, прынята 49.808. Суадносіны прынятых да звольненых склалі 77,7%.

Такая тэндэнцыя назіраецца ўжо некалькі месяцаў, за выключэннем лютага. Так, у лістападзе мінулага года суадносіны прынятых да звольненых складалі 88,3%, у снежні — 91,3%, у студзені 2018 года — 95,6%. І толькі ў лютым колькасць прынятых перавысіла колькасць звольненых на 2,9%. У сакавіку было звольнена 50.094 чалавекі, прынята — 45.135 (перавышэнне — 4.959, суадносіны — 90,1%).

У красавіку больш за ўсё звольненых работнікаў было ў сферы прамысловасці — 16.970 (у тым ліку ў апрацоўчай — 9.600). Далей ідуць аптовы і рознічны гандаль (8.570), сельская, лясная і рыбная гаспадарка (7.828), адукацыя (6.212), ахова здароўя і сацыяльныя паслугі (5.823), будаўніцтва (5.740), сфера творчасці, спорту, забавы і адпачынку (3.766), транспарт (3.019), адміністрацыя (1.205), навука (980), гасцінічныя паслугі (961), інфармацыя і сувязь (784), энергетыка (503).

За 2017 год было звольнена 694.306 чалавек, прынята на працу — 656.193. Перавышэнне звольненых над прынятымі склала 38.113.

Як паведамлялася, у эканоміцы Беларусі ў красавіку 2018 года было занята 4 млн 336,5 тыс. чалавек, за год колькасць занятых у эканоміцы Беларусі знізілася на 30,2 тыс.

Колькасць афіцыйна зарэгістраваных беспрацоўных на канец красавіка 2018 года склала 21,8 тыс. чалавек (у красавіку 2017-га — 39,8 тыс.). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец красавіка бягучага года склаў 0,5% ад колькасці працоўнай сілы (у красавіку мінулага года — 0,9%).

Эксперты зніжэнне занятасці звязваюць з некалькімі фактарамі, у тым ліку з аптымізацыяй колькасці работнікаў у многіх сферах, адтокам працоўнай сілы за мяжу, а таксама з дэмаграфічнымі праблемамі.  БелаПАН