Колькі будзе каштаваць даляр у 2016 годзе?
Экс-старшыня Нацбанка Беларусі Станіслаў Багданкевіч пракаментаваў аптымістычныя планы Нацыянальнага банка на наступны год.
Па словах намесніка старшыні Нацбанка Беларусі Тараса Надольнага, сярэднегадавы курс даляра ў бюджэце на 2016 год закладзены на ўзроўні 18.600 беларускіх рублёў. Пры тым, што ўжо зараз афіцыйны курс – каля 18.300 рублёў за даляр. Адкуль такі аптымізм у Нацбанка?
Станіслаў Багданкевіч: Сярэдні курс вылічваецца па стане на пачатак і на канец года. У студзені 2016 года курс даляра ўжо можа быць 18.600 рублёў, а ў снежні, можа быць, і да 20 тысяч дойдзе. Таму я лічу, што Нацбанк зрабіў досыць аптымістычную заяву. Хоць, па вялікаму рахунку, тэарэтычна магчымы курс і 18.600 рублёў за даляр, калі ўлады не дапусцяць рост рублёвай грашовай масы ды перастануць крэдытаваць стратныя прадпрыемствы. Але ж гэта немагчыма. Таму і заявы такога кшталту больш папулісцкія, чым набліжаныя да рэальнай сітуацыі ў эканоміцы.
РР: Чаму Нацбанк робіць такія гучныя заявы? Там жа, здаецца, працуюць прафесійныя спецыялісты, якія разумеюць сітуацыю…
Станіслаў Багданкевіч: У нас нярэдка так здараецца, калі складаюцца нейкія планы. У апошнія гады і пяцігодкі практычна ні адзін планавы паказчык не быў выкананы. Пачынаючы з такога агульнага паказчыка, як УВП. Планавалі 0,3-0,7 адсоткаў росту, а ў выніку амаль на 4 адсоткі знізіўся. Так і па астатніх артыкулах – па экспарце і імпарце, па вытворчасці і сярэдняму заробку… Відаць, у краіне такія ўжо традыцыі – рабіць аптымістычныя прагнозы, якія затым не выконваюцца. А можа спецыяльна ставяць высокія задачы, каб было да чаго імкнуцца.
РР: Вы лічыце, што да канца 2016 года курс даляра дасягне 20 тысяч рублёў?
Станіслаў Багданкевіч: Гэта, як мне падаецца, пры лепшым раскладзе. А, калі не будзе рэформаў у галіне кіравання эканомікай, калі не атрымаюць крэдыты з Расеі і МВФ, то курс будзе яшчэ больш правальны.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя