Колькі грошай даюць дзяржпардпрыемствам? Не менш за 2 млрд рублёў



На працягу чэрвеня-верасня беларускія ўлады выдзелілі не менш за 2 млрд рублёў у рамках антыкавідных мер падтрымкі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Дакладную суму падлічыць аказалася праблематычна, таму што шэраг дакументаў маюць грыф „Для службовага карыстання”, паведамляе TUT.BY.

Так, летам 2020 года былі падпісаныя некалькі пастаноў Саўміна з грыфам ДСП аб крэдытаванні прадпрыемстваў пад гарантыі ўрада на суму 1-1,35 млрд рублёў. Рэсурсы прызначаліся для налічэння заработнай платы і забеспячэння бягучай вытворчай дзейнасці „ў адпаведнасці з заключанымі альбо планаванымі да заключэння экспартнымі кантрактамі”. Аб пастановах паведаміў телеграм-канал „Эканоміка”. Вядома, што ў жніўні ўлады другі раз за бягучы год павялічылі максімальны аб’ём эмісіі аблігацый Банка развіцця на 240 млн рублёў — да 765 млн рублёў. Гэта мог быць адзін з каналаў падтрымкі машынабудаўнікоў.

8 верасня пабачыў свет указ № 339-дсп, па якім Беларусбанк, Белаграпрамбанк і Белінвестбанк павінны вылучыць дзяржпрадпрыемствам крэдыты на агульную суму 1,75 млрд рублёў. Пазыкі на 1,2 млрд рублёў выдадзеныя пад гарантыі ўрада, 550 млн рублёў-пад гарантыі мясцовых выканкамаў. Працэнтная стаўка — 8,75% гадавых (стаўка рэфінансавання + 1 адсоткавы пункт). Аднак самі пазычальнікі будуць плаціць толькі 2,75%, астатняя працэнтная стаўка кампенсуецца бюджэтам. Пазыкі выдаюцца кампаніям без уліку шэрагу абмежаванняў, прадугледжаных заканадаўствам.

У верасні БЕЛАЗ выпусціў новыя аблігацыі на 100 млн даляраў. Пакупнікамі сталі 4 буйных банка. Эмісія праводзіцца ў мэтах фінансавання бягучай і інвестыцыйнай дзейнасці БЕЛАЗа, пагашэння крэдытаў, у тым ліку датэрміновага, а таксама размяшчэння свабодных сродкаў на дэпазітах, гаворыцца ў дакументах. Пры гэтым, згодна з праспектам эмісіі, жодзінскім заводам прыцягваюцца не даляры, а беларускія рублі.

Інфармацыю аб пакетах мер дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў пацвердзілі TUT.BY дзве крыніцы ў фінансавых колах.

— Былі ўхвалены некалькі пакетаў антыкападобных мер падтрымкі прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі. Інструменты выкарыстоўваліся розныя. Як прамыя фінансавыя меры, так і ўскосныя — сказаў адзін суразмоўца, але падлічыць агульны аб’ём выдзеленых рэсурсаў не змог.

Напярэдадні выбараў Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду і Нацбанку падтрымаць рэальны сектар эканомікі ва ўмовах пандэміі.

Да таго моманту ўлады накіравалі з бюджэту паўмільярда рублёў „тым, хто асабліва меў патрэбу ў падтрымцы дзяржавы”.

— Пандэмія — гэта адзін з фактараў, чаму прадпрыемствы трэба было падтрымаць. „Белавія”, чыгунка — тут усё зразумела: перамяшчэнне паміж краінамі практычна было спынена, не ўдалося зарабіць. Але машынабудаўнічыя прадпрыемствы працавалі. Аказалася, і ў іх не ўсе добра. Складана было прадаваць тэхніку, а шмат працаваць на склад не атрымаецца. Самі яны і да гэтага былі ў не вельмі добрым фінансавым становішчы. А пандэмія пагоршыла сітуацыю — сказаў іншы суразмоўца TUT.BY. — Ці былі гэтыя мільярды рублёў эмісійнымі грашыма не ведаю. Але ўпэўнены, што дакладна не ўсе, калі і былі. Таму што выкарыстоўваліся розныя меры падтрымкі, у тым ліку і неэмісійныя.

У Мінфіне Беларусі адмовіліся каментаваць дакументы „для службовага карыстання”. Атрымаць каментар у Адміністрацыі Лукашэнкі і Саўміне не ўдалося.

У апошнія гады стала звычайнай практыкай засакрэчваць меры дзяржпадтрымкі буйным прамысловым прадпрыемствам. Так, напрыклад, у 2018 годзе заводам і фабрыкам з сістэмы Мінпрама і „Беллегпрама” далі адтэрміноўку па вяртанні пазыковых сродкаў, а таксама растэрміноўку па выплаце працэнтаў за прадастаўленыя банкамі крэдыты. Назвы прадпрыемстваў і падрабязныя меры не прыводзіліся.