Колькі грошай уклалі ў Шчучын?



На падрыхтоўку Шчучына, што ў Гарадзенскай вобласці, да Дня беларускага пісьменства 6 верасня выдаткавана каля 80 мільярдаў рублёў. Гэта больш за 4 мільёны 600 тысяч даляраў. Пра гэта паведаміла на прэс-канферэнцыі ў Менску міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

– Пацікавілася ў старшыні раённага выканаўчага камітэта, якую лічбу ўжо можна сказаць журналістам: колькі ўжо ўкладзена ў горад Шчучын, на яго ўпарадкаванне і абнаўленне. Ён сказаў, што смела можна называць лічбу каля 80 мільярдаў рублёў. І гэта тое, што на сённяшні дзень ужо выдаткавана ў Шчучыне.

Дзень беларускага пісьменства па традыцыі праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята адзначалася ў Наваградку, Нясвіжы, Воршы, Пінску, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргонях, Хойніках, Ганцавічах, Глыбокім ды Быхаве. Двойчы ўрачыстасці прымалі Полацк, Тураў і Заслаўе. Шчучын будзе рыхтавацца сустрэць Дзень беларускага пісьменства ўпершыню.

Паводле БелаПАН

Фота tomkad.livejournal.com