Колькі нагандлюем з Афрыкай?
Былы прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Чыгір распавёў пра перспектывы эканамічнага супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі.
Беларускі кіраўнік вярнуўся з Егіпта і Судана, дзе быў днямі з афіцыйным візітам. Ці дапамогуць афрыканскія краіны выправіць становішча ў эканоміцы Беларусі?
Міхаіл Чыгір: Калі казаць пра гандаль з тым жа Егіптам ці Суданам, то маленькія зрухі, можа быць, і варта чакаць, але гэта не выратуе агульнай эканамічнай сітуацыі ў Беларусі. Ды і што нам могуць даць Егіпет і Судан, у якіх і саміх праблем у эканоміцы воз і маленькі вазок?
РР: Гэта былі спробы знайсці хоць нейкі выхад са становішча?
Міхаіл Чыгір: Так, і гэта правільна. Сядзець склаўшы рукі – не выйсце. Іншая справа, што Лукашэнка паляцеў у афрыканскія краіны, а на сустрэчу ў Давосе, дзе традыцыйна збіраліся патэнцыйныя інвестары, наколькі мне вядома, ніхто не паехаў ад Беларусі. Атрымліваецца дзіўная сітуацыя. Недзе спрабуем змесці драбкі са стала, а там, дзе можна зацікавіць буйнейшых інвестараў, нас няма. У Давосе збіраюцца самыя буйныя інвестары свету! Там можна было нешта ўзгадніць, дамовіцца пра нейкія саступкі, пацікавіцца, што патрэбна інвестарам, каб можна было падкарэктаваць заканадаўства… Але гэтага відаць нам не трэба.
РР: Можа быць, не запрашаюць на такія форумы?
Міхаіл Чыгір: Не думаю, што не запрашаюць. Ды і самім трэба праяўляць ініцыятыву.
РР: На ваш погляд, цікава сёння інвестарам Беларусь?
Міхаіл Чыгір: Вельмі цікава, але ім патрэбны пэўныя ўмовы, пры якіх яны сюды прыйдуць. У Беларусі добрая кваліфікацыя рабочага класа, падрыхтоўка персанала, дысцыпліна… Карупцыя тут не такая, як у Расеі. Таму інвестары прыйшлі б, каб улады паказалі гатоўнасць да супрацы.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя