Колькі працягнецца стабільнасць беларускага рубля?
Экс-старшыня Нацыянальнага банка Беларусі Станіслаў Багданкевіч разважае пра сённяшнюю стабільнасць нацыянальнай валюты і робіць прагноз на заўтра.
У апошні час беларускі рубель знаходзіцца ў больш-менш стабільнай сітуацыі, хоць нейкія ваганні прысутнічаюць. Што далей?
Станіслаў Багданкевіч: Зараз для беларускай валюты на самой справе – адноснае зацішша. Але хачу сказаць, што трэба менш увагі звяртаць на валютны курс, а больш на інфляцыю. Таму што сёння Нацбанк кантралюе апошнюю, а не валютны курс. Пры гэтым кантралюе з дапамогай кантролю за шырокай грашовай масай. Ён прызначыў на гэты год ліміт росту шырокай грашовай масы – 30 адсоткаў. Але на 1 верасня ліміт ужо перавышаны – ён складае 34 адсоткі. У выніку ў жніўні мы і бачылі скачок дэвальвацыі нацыянальнай валюты. Нацыянальны банк не зусім вытрымаў сваю аб’яўленую стратэгію ў барацьбе за зніжэнне інфляцыі. А валютны курс ідзе ўжо ад інфляцыі. Калі апошняя – вялікая, то і курс рубля зніжаецца. Трэба скарачаць інфляцыю і абмяжоўваць шырокую грашовую масу. Тады будзе стабільны курс. Апошняя стабілізацыя рубля гаворыць пра тое, што Нацбанк стараецца рухацца ў гэтым кірунку.
РР: Ці можа ў будучым беларускі рубель умацавацца?
Станіслаў Багданкевіч: Пры гэтай эканамічнай палітыцы ён умацоўвацца не будзе. Для таго, каб нацыянальная валюта ўмацоўвалася, неабходна скараціць бюджэтныя выдаткі, трэба развіваць канкурэнцыю, якая паўплывае на інфляцыю і на валютны курс. Аднак жа гэтага не бачым.
РР: Адным словам, дэвальвацыя працягнецца?
Станіслаў Багданкевіч: Так, але не думаю, што пасля прэзідэнцкіх выбараў будзе нейкі рэзкі абвал рубля. Штодзённая дэвальвацыя ідзе і зараз, курс залежыць ад попыту і прапановы. А знешнегандлёвы баланс у нас у апошні час збалансаваны.Таму вялікіх знешніх падстаў для абвалу няма.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя