Колькі ў Беларусі даляравых мільянераў?
Аналітыкі швейцарскага банка UBS кожны год публікуюць спецыялізаваную справаздачу, дзе ацэньваецца дабрабыт жыхароў розных краін. Ёсць у ім і дадзеныя, якія датычацца Беларусі, піша nv-online.info.
Адзначаецца, што сумарны дабрабыт беларускіх хатніх гаспадарак складае 255 мільярдаў даляраў, за год прырост склаў 46 мільярдаў. На аднаго дарослага беларуса, паводле гэтых падлікаў, прыпадае без малога 35 тысяч даляраў. Аднак гэта толькі сярэдні статыстычны паказчык, бо багацце размяркоўваецца нераўнамерна. Так, паводле ацэнак аналітыкаў, багацце 37,7% дарослых беларусаў не перавышае адзнакі ў 10 тысяч даляраў. Багацце 56% беларусаў знаходзіцца ў дыяпазоне ад 10 да 100 тысяч даляраў. І 5,5 працэнтаў беларусаў маюць багацце ад 100 тысяч да 1 мільёна даляраў. Што тычыцца даляравых мільянераў, то іх колькасць у даследаванні ацэньваецца на ўзроўні 0,1%, гэта значыць 7 тысяч 300 чалавек.
Пад Наваградкам прадаюць лікёра-гарэлачны завод
Недабудаваны лікёра-гарэлачны завод можна купіць у вёсцы Лешчанка Наваградскага раёна. Пачатковая цана — больш за 532 тысячы рублёў (каля 169 тысяч даляраў), паведамляецца на сайце Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Гэты завод будавалі дзесяць гадоў з 1992 года. Яго прадае адкрытае акцыянернае таварыства “Прынёманскі”. Акрамя будынка вытворчага корпуса, які займае каля 4,8 тысяч квадратных метраў, на продаж выставілі памяшканне прахадной са сталовай, будынкі кацельні, помпавай станцыі, склада, аздараўленчага комплексу ды іншыя. Зямельны ўчастак займае 6,7 га. Таргі прызначаныя на 18 верасня, заяўкі прымаюць да 13 верасня.
Раней на аўкцыён выстаўлялі лікёра-гарэлачны завод “Мажэйкава” ў Лідскім раёне. Пачатковы яго кошт быў 20,3 млн рублёў, аднак завод ніхто не купіў.
“Контэ Спа” судзіцца з расейцамі з-за правоў на таварны знак
Расейскія суды на мінулым тыдні адкрылі некалькі вытворчасцяў па ісках вядомага беларускага вытворцы панчохава-шкарпэткавых вырабаў. У іх гарадзенская кампанія “Контэ Спа” абвінавачвае некалькіх расейскіх прадпрымальнікаў у парушэнні выключнага права на таварны знак Conte elegant. І патрабуе пакараць іх штрафамі па 50 тысяч расейскіх рублёў (прыкладна па 530 даляраў), піша Office Life.
Звужэнне рынку ва Украіне, дзе доўгі час паспяхова працавала даччыная структура “Контэ Украіна”, прымушае кампанію актывізавацца на расейскім рынку. На ім беларускі бізнес прадстаўлены пяццю дыстрыб’ютарскімі структурамі і адной фабрыкай “Тэкса”. Па выніках мінулага года іх сукупная выручка перавысіла 75 мільёнаў даляраў.
Мела быць добра, але выручка ўпала ў 100 разоў
На беларускім прадпрыемстве “Юнісон” будуць збіраць новую марку кітайскіх аўтамабіляў. Пакуль жа завод нарошчвае страты, піша “Зеркало”.
Як паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык, на зборачнай пляцоўцы пад Менскам беларуска-брытанскай кампаніі “Юнісон” плануюць збіраць красоверы неназванага кітайскага брэнда. Паводле партала, верагодна, што прадпрыемства недазагружана працай. Мінулы год завод завяршыў з чыстай стратай на суму 4,4 мільёны рублёў, што амаль на 14% больш, чым у пазамінулым годзе. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі летась упала больш як у 100 разоў – да 126 тысяч рублёў.
А раней на магутнасцях завода збіралі Ford, Opel, Samand, Citroen, Peugeot, Cadillac, Zotye. Таксама тут збіраюць спецтэхніку.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.