Колькі выплаціць „Кронаспан” за забруджванне Віліі?



Амаль 104 мільёны рублёў выплаціць кампанія „Кронаспан” (Смаргоні, Гарадзенская вобласць) за забруджванне вод ракі Вілія.

На вясёлкавую плёнку на паверхні вады Віліі каля аднаго з выпускных калектараў, а таксама на ўстойлівы хімічны пах лакафарбавых вырабаў звярнулі ўвагу актывісты грамадскага аб’яднання „Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ). Яны зрабілі запыт у Гарадзенскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, і праверка пацвердзіла забруджванне ракі сцёкавымі водамі, паведамляе прэс-служба АПБ.

Аналіз проб сцёкавых вод, зроблены Смаргонскай міжраённай лабараторыяй аналітычнага кантролю, паказаў перавышэння межава дапушчальных канцэнтрацый хімічных рэчываў. Першапачаткова пад падазрэнні трапіў Смаргонскі агрэгатны завод, і мясцовая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя пачала пазапланавую праверку прадпрыемства. Неўзабаве знайшоўся сапраўдны вінаваты таго, што адбываецца, — ЗТАА „Кронаспан”, якое вырабляе драўняныя пліты. Устаноўлена, што кампанія незаконна ўрэзала сваю ліўневую каналізацыю ў сістэму ліўневай каналізацыі агрэгатнага завода. Гэта пацвердзілася падчас пазапланавай праверкі „Кронаспана”.

Вінаватыя прыцягнутыя да адказнасці, частку пакарання ім ужо абвясцілі. „Пакуль складзены адміністрацыйны пратакол на 103,9 мільёна рублёў — гэта пакаранне за забруджванне воднага аб`екта сцёкавымі водамі. Зараз праводзіцца разлік шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. Думаю, гэтая сума перавысіць адміністрацыйнае пакаранне ў некалькі разоў”, — паведаміў спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Цімафей Піка.

Актывісты АПБ заклікаюць грамадзян, якія заўважылі верагоднае забруджванне вадаёмаў, аператыўна інфармаваць пра гэта мясцовыя інспекцыі Мінпрыроды і па магчымасці фіксаваць тое, што адбываецца, на фота і відэа.

Паводле БелаПАН

Фота grodno.greenbelarus.info