Колькі згубіць Гарадзеншчына без падаткаў ІП?



Больш за 19 мільёнаў даляраў страціць бюджэт Гарадзенскай вобласці ў выпадку, калі дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў рэгіёна будзе скасавана. Менавіта такую суму прадстаўнікі дробнага бізнесу заплацілі як падаткі ў 2015 годзе.

Пачынаючы са студзеня, 90% прадпрымальнікаў Гарадзеншчыны прыпынілі сваю дзейнасць у сувязі з патрабаваннямі абавязковай сертыфікацыі тавараў і іншых неспрыяльных зменаў у заканадаўстве. На думку прадстаўніка прафсаюза прадпрымальнікаў “Садружнасць” Таццяны Дрозд, прапанаваныя ўладамі ўмовы з’яўляюцца непрымальнымі для прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынках вобласці:

– Умовы жорсткія. Канешне, спадзяемся на паляпшэнне. З выхадам гэтага ўказа некаторыя спынілі сваю дзейнасць, адмовіліся ад гандлёвых месцаў. Ці поўнасцю яны закрыліся – невядома. Пра гэта ведаюць толькі яны самі.

Унёсак індывідуальных прадпрымальнікаў у бюджэт Гарадзенскай вобласці складае 2,5%. Гэта сума перавышае выдаткі, якія накіроўваюцца, прыкладам, на культуру ці рэалізацыю інвестыцыйных праграмаў, і выдаткі на развіццё дарожнай гаспадаркі.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота kyrtag.kg