Колькі згубіў дзяржбюджэт з-за сітуацыі з ІП?
Індывідуальныя прадпрымальнікі Гарадзенскай вобласці скарачаюць выплаты падаткаў у бюджэт. Гэта тлумачыцца невыгоднымі ўмовамі працы, змяншэннем колькасці прадстаўнікоў дробнага бізнесу ў рэгіёне і змяншэннем прыбыткаў прадпрымальнікаў.
За пяць месяцаў бягучага года ўнёсак дробнага бізнесу Панямоння ў дзяржаўную скарбонку склаў 8 мільёнаў 700 тысяч даляраў і зменшыўся, у параўнані з мінулым годам, на 2,5%. Кожны з дваццаці шасці тысяч гарадзенскіх прадпрымальнікаў за паўгода заплаціў дзяржаве ў сярэднім 6 мільёнаў 700 тысяч недэнамінаваных рублёў.
Як зазначае старшыня Гарадзенскай абласной падатковай інспекцыі Лідзія Сямашка, такая сітуацыя абумоўлена шэрагам аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынаў:
– У гэтай сферы заўсёды шмат парушэнняў падатковага заканадаўства. Разам з тым у вобласці няпростая эканамічная сітуацыя. Пагоршылася плацёжная дысцыпліна. Сёння вырасла запазычанасць па падатках у пэўнай ступені. Ёсць суб’екты гаспадарання, якія не разлічваюцца з бюджэтам, асабліва апошнім часам.
Недзяржаўным сектарам эканомікі Гарадзеншчыны за паўгода ўплачана ў бюджэт каля 100 мільёнаў даляраў. Больш за 90% ад гэтай сумы складаюць плацяжы юрыдычных асобаў, колькасць якіх перавышае трынаццаць з паловай тысяч.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня