Колькі зімой заплацім за камуналку?
Наколькі вырасце зімой аплата за камунальныя паслугі, расказалі ў Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Намеснік міністра Андрэй Рамашка прыгадаў у размове для БЕЛТА, што ў краіне дзейнічае норма, згодна з якой тарыфы на камунальныя паслугі не могуць расці вышэй за палову адной базавай велічыні на год, то-бок вышэй за 18,5 рублёў. Вышэй за гэты парог кошт жыллёва-камунальных паслуг на стандартную двухпакаёвую кватэру з двума грамадзянамі павышаць нельга.
Разам з тым з 1 чэрвеня павялічыўся тарыф на цеплавую энергію. “З улікам гэтага цана за жыллёва-камунальныя паслугі, уключаючы ацяпленне, у стандартнай двухпакаёвай кватэры плошчай 48 квадратных метраў з двума грамадзянамі будзе складаць каля 153 беларускіх рублёў”, ― сказаў Рамашка. Летась гэта сума складала прыкладна 140 беларускіх рублёў, то-бок паслугі ў гэты ацяпляльны сезон падаражэюць больш як на 9 працэнтаў.
Тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі павышаюцца ў Беларусі два разы на год: 1 студзеня і 1 чэрвеня. (nashaniva.com)
Беларусь плануе стварыць вытворчасць на акупаванай украінскай тэрыторыі
Запарожская вобласць вядзе перамовы з дзвюма беларускімі кампаніямі пра адкрыццё вытворчасцяў на падкантрольнай Расіі тэрыторыі. Пра гэта піша ТАСС са спасылкай на намесніка старшыні ўрада вобласці па аграпрамысловым комплексе Святлану Шаўчэнку. Паводле Шаўчэнкі, для вобласці актуальна ў сціслыя тэрміны наладзіць буйнавузлавую зборку трактароў МТЗ-82. Умовы сумеснай з МТЗ вытворчасці зараз абмяркоўваюцца.
Іншы праект з беларускім удзелам звязаны з перапрацоўкай у мясной прамысловасці. Аршанскаму мясакансерваваму камбінату прапануюць адкрыць філіял у Запарожскай вобласці. Пра гэта Шаўчэнка распавяла ў кулуарах выставы “Залатая восень”, піша Office Life.
Лукашэнка абмеркаваў з Рахмонам пытанні супрацоўніцтва
Аляксандр Лукашэнка па тэлефону абмеркаваў з прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана. Паводле інфармацыі тэлеграм-канала “Пул Первого”, размова датычыла ўзаемадзеяння на міжнародных пляцоўках, што таксама плануецца абмеркаваць на саміце СНД.
Па дадзеных улад Таджыкістана, тавараабарот паміж Менскам і Душанбэ ў 2022 годзе склаў 89,4 мільёны даляраў, доля паставак з Беларусі ў яго структуры складае 92 працэнты, заўважае @pozirkonline.
У Беларусі і Расеі масава перасталі працаваць прылады Xiaomi
Праблемы не закранулі тэлефоны гэтай маркі, аднак збоі назіраюцца ў працы сэрвісаў, што адказваюць за кіраванне прыладамі “разумнага дому” (датчыкі, лямпы, робаты-пыласосы ды іншая падобная тэхніка).
Паведамляецца, што збоі фіксуюцца прыкладна ад 21-й гадзіны 4 кастрычніка. Дадатак Mi Home у Беларусі і Расіі не працуе, аўтарызавацца на сайце account.xiaomi.com, каб атрымаць доступ да прылада “разумнага дома”, у карыстальнікаў таксама не выходзіць. Запусціць робаты-пыласосы ці ўключыць “разумныя” лямпачкі ўручную не атрымліваецца, піша тг “Белсат”.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: hata.by.