„Коммерсантъ”: Беларусь пагадзілася сплаціць доўг за газ на расейскіх умовах



Беларусь пагадзілася пагасіць найбліжэйшым часам доўг за расейскі газ у абмен на аднаўленне паставак нафты з Расеі ў ранейшым аб’ёме.

Нафта

Фота kommersant.site

Такая папярэдняя дамоўленасць паміж Менскам і Масквой дасягнутая на перамовах віцэ-прэм’ера Расеі Аркадзя Дварковіча і першага віцэ-прэм’ера Беларусі Васіля Мацюшэўскага, якія прайшлі ў панядзелак, 18 ліпеня, паведамляе сёння газета „Коммерсантъ” са спасылкай на „знаёмыя з сітуацыяй крыніцы”.

Пры гэтым, піша выданне, бакі могуць змяніць міжурадавае пагадненне ад 2011 года аб пастаўках газу ў Беларусь так, каб прыбраць адтуль згадванне аб пераходзе на роўнадаходныя цэны на газ.

У Мінэнерга РФ адмовіліся ад каментарыяў, прадстаўнік Аркадзя Дварковіча заявіла „Коммерсанту”, што перамовы працягваюцца. У прэс-службе беларускага ўрада расейскаму выданню заявілі, што „перамовы пакуль доўжацца, ніякія канкрэтныя дамоўленасці не дасягнутыя”.

Нагадаем, ужо прыблізна паўгода паміж Беларуссю і Расеяй ідуць перамовы аб умовах паставак расейскіх газу і нафты.

Беларускі бок настойвае на зніжэнні кошту расейскага газу і стаў разлічвацца за яго па больш нізкіх цэнах у даляравым выражэнні. Цяпер цана для Беларусі складае 132 даляры за тысячу кубаметраў. Яна фармуецца зыходзячы з ўнутрырасейскіх цэн: цана ў Ямала-Ненецкай АА (36 даляраў) плюс кошт транспартавання да Беларусі (прыблізна 90 даляраў) і кошт захоўвання газу ў расейскіх ПСГ (6 даляраў). Згодна ж з разлікамі Менска, цана на газ для Беларусі павінна складаць 73 даляры за тысячу кубаметраў. Такім чынам, доўг Беларусі за расейскі газ узрос да 270 млн. даляраў.

Расейскі бок у адказ скараціў з 1 ліпеня пастаўкі нафты ў Беларусь. „Мы зыходзім з таго, што графік паставак нафты на трэці квартал у Беларусь будзе ніжэйшы, чым меркавалася, — заявіў журналістам міністр энергетыкі РФ Аляксандр Новак. — Гэта звязана з двума фактарамі: неаплатай за пастаўлены газ „Газпрому” і непаступленнем даходаў у бюджэт у сувязі з гэтым, другі фактар — гэта недапастаўкі нафтапрадуктаў з беларускіх НПЗ у Расею”.

belapan.by