„Коммерсантъ”: Беларуская дэлегацыя ў Сочы прасіла газ па 94-100 $ за тыс. куб.



Падчас перамоў у Сочы 7 лютага беларуская дэлегацыя прасіла расейскай газ па цане 100 і менш даляраў за тысячу кубаметраў, паведаміла газета „Коммерсантъ” са спасылкай на свае крыніцы.

Фота kremlin.ru

„Паводле дадзеных „Коммерсанта”, беларускія перагаворшчыкі на чале са сваім прэзідэнтам настойвалі на $100, і быў сярод іх адзін, які ўпэўнена прамаўляў нават і лічбу $94″, — адзначае выданне.

У выніку газ Беларусі да канца 2020 года будзе пастаўляцца па леташняй цане — 127 даляраў за тысячу кубаметраў. Дамоўленасць аб такой цане раней дзейнічала толькі да канца лютага.

У той жа час Менск не здолеў дамагчыся традыцыйнай зніжкі пры пастаўцы нафты: намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Казак паведаміў, што продаж сыравіны будзе ажыццяўляцца па рынкавых цэнах, у адваротным выпадку прыйдзецца ўводзіць дзяржрэгуляванне для нафтавай галіны.

На думку „Коммерсанта”, для прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна „важней было не дамовіцца аб цэнах на нафту, чым дамовіцца аб цэнах на газ”.

Са спасылкай на расейскіх экспертаў, якія ляцелі разам з чыноўнікамі на перамовы ў Сочы, выданне паведаміла, што пераход з расейскай на амерыканскую нафту (пры захаванні „інтэграцыйнай” цаны на першую) абыдзецца Менску ў 2 млрд даляраў ЗША штогод.

Як піша „Коммерсантъ”, „ніхто ўжо не мае намеру, мяркуючы па ўсім, схіляць Аляксандра Лукашэнку да гэтай інтэграцыі — усё роўна ж зразумела, што, калі яна раптам і здарыцца, з такім чалавекам потым клопатаў не абярэшся і тысячу разоў пашкадуеш, што калісьці вырашыў трымацца да яго бліжэй”. Аднак расейскія перагаворшчыкі ляцелі ў Сочы „ў пошуках хоць нейкай пэўнасці, якую ён пасля таго, як каток пакаціўся, шукае ўжо больш, чым хто б там ні было іншы”.

„На самой справе, паводле дадзеных „Коммерсанта”, усё было вырашана ўжо ў першай палове дня, калі прэзідэнты Беларусі і Расеі сустракаліся сам-насам”, — піша газета.

belapan.by