Кошт беларускага калію для Кітая павышаецца на 60 даляраў за тону



Беларуская калійная кампанія дасягнула пагаднення аб кошце беларускіх калійных угнаенняў для кітайскага рынку, паведамілі БелаПАН у прэс-службе БКК.

„17 верасня ў Пекіне падчас заключнага раўнда складаных і працяглых перамоваў з кансорцыумам кітайскіх пакупнікоў (Sinochem, CNAMPGC, CNOOC) дэлегацыі Беларускай калійнай кампаніі на чале з генеральным дырэктарам БКК Аленай Кудравец удалося дасягнуць пагаднення аб усталяванні кантрактнай цаны ў 290 даляраў ЗША за тону на ўмовах CFR на пастаўку калію ў Кітай па чэрвень 2019 года ўключна”, — паведамляе прэс-служба.

У БКК адзначылі, што „бакам удалося дасягнуць дамоўленасці, якая ў поўнай меры адпавядае існуючым на сусветным калійным рынку павышальным цэнавым тэндэнцыям”. Як удакладнілі ў кампаніі, у 2017 годзе тона калійных угнаенняў прадавалася ў КНР па 230 долараў.

„Пагадненне аб цане кітайскага кантракта, бясспрэчна, з`яўляецца чарговым пазітыўным сігналам для калійнай галіны. Гэта добрая цана, і мы ўпэўненыя, што такі ўзровень дапаможа забяспечыць далейшае паступальнае развіццё як рынку КНР, так і сусветнага рынку ў цэлым”, — пракаментавала Кудравец.

На думку БКК, пагадненне аб цане кітайскага кантракту мае стратэгічнае значэнне, бо Кітайская Народная Рэспубліка з`яўляецца найбуйнейшым спажыўцом калію ў свеце, а існая ў Кітаі кантрактная сістэма паставак мае істотны ўплыў на развіццё сусветнага рынку мінеральных угнаенняў.

ААТ „Беларуская калійная кампанія” было заснаванае ў 2013 годзе, з`яўляецца эксклюзіўным экспарцёрам калійных угнаенняў вытворчасці ААТ „Беларуськалій”. За пяць гадоў сваёй дзейнасці БКК ажыццявіла пастаўкі беларускага калію ў 128 краін.

Калійныя ўгнаенні — адзін з асноўных экспартных тавараў Беларусі. Паводле афіцыйных статыстычных дадзеных, у вартасным выражэнні экспарт хлоркалію ў студзені—чэрвені 2018 года склаў 1,43 млрд даляраў і павялічыўся на 14,1% у параўнанні з аналагічным перыядам 2017 года. На кітайскі рынак у першым паўгоддзі было пастаўлена калійных угнаенняў на 161 млн даляраў (на 23,1% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года).

 
belapan.by