Кошт будаўніцтва БелАЭС можа істотна вырасці



Паводле ацэнак Падліковай палаты Расеі, будаўніцтва беларускай станцыі можа падаражэць на 780 мільёнаў даляраў – з-за неадпаведнасці каштарыснага і фактычнага кошту па асобных пазіцыях.

Адпаведны зводны каштарысны разлік на суму карэкціроўкі ўнесены на разгляд у ФАУ „Главгосэкспертиза России”, гаворыцца ў справаздачы Падліковай палаты РФ па выніках сумеснай з Камітэтам дзяржкантролю Беларусі праверкі выканання абавязацельстваў па дамове паміж краінамі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС, якая была падпісана 15 сакавіка 2011 года.

У справаздачы тлумачыцца, што для вызначэння магчымага базавага кошту будаўніцтва БелАЭС у чэрвені 2011 года расейскім бокам была выкананая бюджэтная ацэнка праекту, зробленая на аснове версіі зводнага каштарыснага разліку будаўніцтва Балтыйскай АЭС. На падставе гэтых ацэнак бакі і вялі перамовы па парадку цэнаўтварэння, умовам генкантракта, фарміраванні патрабаванняў да АЭС, якая будуецца, парадку плацяжоў і складу абгрунтоўваючых дакументаў.

Беларуская АЭС ўзводзіцца па расейскім праекце. Міжурадавае пагадненне на будаўніцтва АЭС было падпісана ў 2011 годзе і прадугледжвае супрацоўніцтва ў праектаванні, будаўніцтве і ўводзе ў эксплуатацыю „пад ключ” двух энергаблокаў АЭС. На будаўніцтва АЭС Беларусі быў таксама прадастаўлены расейскі дзяржаўны экспартны крэдыт у памеры да $ 10 млрд.

Станцыя будзе складацца з двух энергаблокаў магутнасцю 1200 МВт кожны. Пуск першага энергаблока быў перанесены з 2018 г на 2019, другога – плануецца на 2020 г. Генпадрадчыкам будаўніцтва АЭС з’яўляецца „Атамбудэкспарт” (структура „Расатама”). Функцыі заказчыка выконвае РУП „Беларуская атамная электрастанцыя”, якое таксама будзе аператарам АЭС.

ej.by