Кожнае чацвёртае беларускае прадпрыемства з’яўляецца стратным
Толькі за першыя два месяцы года страты беларускіх прадпрыемстваў выраслі да больш як 12 трыльёнаў рублёў. Гэта ўжо ў 3 разы больш, чым было за той жа леташні перыяд.
Цяпер кожнае чацвёртае беларускае прадпрыемства з’яўляецца стратным. Асноўных прычын гэтаму, на думку эканаміста Льва Марголіна, дзве.
– Першая прычына – гэта падзенне аб’ёму вытворчасці, гэта тычыцца асабліва прамысловасці, вядома. Калі аб’ёмы падаюць, а так званая ўмоўна-пастаянныя ўмовы захоўваюцца, так і адбываецца, бо колькасць працоўных не скарачаецца, тыя ж самыя будынкі трэба абслугоўваць, таму гэтыя расходы кладуцца на меншую колькасць прадуктаў, і яе сябекошт расце, адсюль – страты.
Другая прычына, па словах эканаміста, у тым, што беларускія прадпрыемствы ва ўмовах павышэння ўзроўню канкурэнцыі, у тым ліку і на расейскім рынку, вымушаныя зніжаць цэны да мінімума.
Інакш яны ўвогуле не змогуць прадаваць сваю прадукцыю. Гэта таксама прыводзіць да павелічэння стратнасці беларускай прамысловасці, – адзначае Леў Марголін.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя