Кожнае пятае прадпрыемства СЭЗ “Гроднаінвест” – стратнае
У свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест” больш за 20% прадпрыемстваў з’яўляюцца стратнымі. Аднак, гэты паказчык –лепшы ў Беларусі: прыкладам, колькасць стратных рэзідэнтаў у Берасці і Менску складае амаль палову ад зарэгістраваных. “Гроднаінвест” з’яўляецца лідарам і па такім паказчыку, як павялічэнне выплаты падаткаў дзяржаве – за мінулы год гэты паказчык склаў 20% нягледзячы на тое, што кожнае пятае прадпрыемства працавала ў мінус.
Ва ўмовах фінансава-эканамічнага крызісу рэзідэнты свабодных эканамічных зонаў – на думку кіраўніка навукова-даследчага цэнтра Мізэса Яраслава Раманчука – нягледзячы на цяжкасці, выглядаюць больш прэзентабельна, чым дзяржаўныя прамысловыя прадпрыемствы:
– Нам нельга ісці ў 21 стагоддзе з тэхналогіямі, якія маюць 30-40 гадоў. Ёсць зусім іншая канкурэнцыя – ёсць Кітай, Індыя, Турцыя, Усходняя Еўропа. І трэба арыентавацца на тое лепшае, што ёсць у гэтым свеце. Трэба працаваць разам з імі.
У свабодную эканамічную зону “Гроднаінвест” уваходзіць каля ста рэзідэнтаў з капіталам 20-ці краін свету. Яе агульная плошча перавышае тры тысячы гектараў, а ўчасткі знаходзяцца на тэрыторыі ўсёй Гарадзенскай вобласці. Свабодная эканамічная зона была створана паводле указа прэзідэнта краіны ў красавіку 2002-га году.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня