Кожны чацвёрты беларус называе сваё матэрыяльнае становішча дрэнным
Кожны чацвёрты беларус акрэсліў сваё матэрыяльнае становішча як «дрэннае». Пры гэтым амаль 60 працэнтаў апытаных беларусаў ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча як «здавальняючае». Доля рэспандэнтаў, якія ахарактарызавалі сваё матэрыяльнае становішча як «добрае» і «вельмі добрае», склала ўсяго 9,5 працэнта ад агульнай колькасці беларусаў, якія прынялі ўдзел у даследаванні. Пра гэта гаворыцца ў працы «Фінансавыя паводзіны насельніцтва Беларусі: факты і тэндэнцыі», апублікаванай у часопісе Нацбанка «Банкаўскі веснік».
У рамках даследавання, праведзенага Інстытутам сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук у студзені–лютым, ацэньваўся ровень матэрыяльнага дабрабыту сем’яў, а таксама вывучаліся вядзенне сямейнага бюджэту, назапашванне зберажэнняў ды кіраванне даўгавымі і крэдытнымі забавязаннямі.