Краіны G7 дамовіліся ўвесці столь цэн на расейскую нафту
Краіны G7 дамовіліся аб механізме цэнавых абмежаванняў на расейскую нафту. Пра гэта паведаміла рэпарцёр Sky News Тамара Коэн у сваім твітары. Дамоўленасць была дасягнута сёння, 2 верасня, на сустрэчы ў фармаце відэаканферэнцыі.
«Мы зрэжам магчымасці Пуціна фінансаваць яго вайну за кошт нафтавага экспарту забаронай паслуг, такіх як страхаванне і прадастаўленне фінансавання судам, якія перавозяць расейскую нафту, якая стаіць вышэй за коштавую столю», — прыводзіць Коэн цытату канцлера казначэйства Вялікабрытаніі Надзіма Захаві.
Да гэтага Financial Times напісала, што абмежаванні на цану расейскай нафты праз гэты механізм могуць быць уведзены ў снежні.
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў сёння пракаментаваў ініцыятыву G7. Паводле яго слоў, Расея проста не будзе пастаўляць нафту кампаніям і дзяржавам, якія будуць прытрымлівацца коштавай столі.
Між тым старшыня Еўракамісіі Уршуля фон дэр Ляен сёння выказалася і за цэнавыя абмежаванні для расейскага газу, які пастаўляецца ў ЕЗ.
«Краіны G7 забароняць страхаванне і фінансаванне для перавозчыкаў расейскай нафты па цэнах, якія перавышаюць усталяваны «парог», — так патлумачыў дзеянне механізма Мінфін Брытаніі.