Крэдыт МВФ? 50 на 50
Эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што крэдыт Міжнароднага валютнага фонду, які, магчыма, атрымае Беларусь, не выратуе эканоміку краіны.
Леанід Злотнікаў: МВФ можа даць грошы на падтрыманне нацыянальнай валюты, эканомікі. А што ўзамен могуць прапанаваць беларускія ўлады? Рыначныя рэформы, могуць пайсці насустрач патрабавання МВФ, хоць, мяркуючы па заявах, рабіць гэта і не збіраюцца. Таму зараз склалася вельмі супярэчлівая сітуацыя. Вышэйшая ўлада не падтрымлівае рэформы, а значыцца краіне няма чаго і прапанаваць Міжнароднаму валютнаму фонду. Апошні можа і хацеў бы дапамагчы Беларусі, бо тут ёсць і палітычныя чыннікі, але ж глыбінных рэформаў ён не дачакаецца. Адным словам, зараз МВФ знаходзіцца ў досыць пікантным становішчы.
РР: Чым, на ваш погляд, закончацца перамовы? Некаторыя эканамісты кажуць, што крэдыт дадуць амаль на 100 адсоткаў…
Леанід Злотнікаў: Я б сказаў, што тут сітуацыя няўстойлівая – 50 на 50. Але, на мой погляд, калі нават крэдыт і дадуць, то краіне ён не дапаможа. У нас глыбокія эканамічныя праблемы. Можна, натуральна, прыняць лекі, якія паслабяць боль на час, палепшаць эканамічную сітуацыю на некалькі месяцаў. А што потым? Усё ізноў вернецца на свае кругі. Грошы патрацяць, а далей – нізкі ўзровень жыцця, падзенне нацыянальнай валюты… Крэдыты пры адсутнасці рэформаў – не вырашэнне праблемы. І Міжнародны валютны фонд таксама разумее, што Беларусь яе не вырашыць. А крэдыты яшчэ больш загоняць краіну ў пазыкі. Да таго ж – іх трэба будзе аддаваць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота finance.obozrevatel.com