Крэдыт МВФ – галаўны боль для беларусаў
Кіраўнік праекта «Кошт ураду» Уладзімір Кавалкін распавядае, якія наступствы для простых беларусаў могуць быць, калі Міжнародны валютны фонд дасць крэдыт для Беларусі.
Нагадаем, гэтымі днямі ў краіне працуе місія Міжнароднага валютнага фонду, беларускія ўлады, безумоўна, разлічваюць на крэдыт ад МВФ.
Уладзімір Кавалкін: Традыцыйна МВФ прапаноўвае беларускаму ўраду выраўняць тарыфы ЖКГ, зрабіць так, каб людзі аплачвалі іх 100-працэнтны кошт. Другі важны момант, які дыктуе Міжнародны валютны фонд, — продаж дзяржаўных прадпрыемстваў. Гэта, безумоўна, таксама можа адбіцца на беларусах, але ўжо крыху пазней. У тым выпадку, калі зменіцца ўласнік прадпрыемства, то можа патэнцыйна скараціцца і колькасць працоўных месцаў. Гэта, на мой погляд, дзве асноўныя балявыя кропкі для людзей у тым выпадку, калі ўлады пагодзяцца на непапулярныя меры ў абмен на крэдыт МВФ.
РР: Лічыце, што ўлады за крэдыт могуць пайсці на рэзкае падвышэнне тарыфаў ЖКГ?
Уладзімір Кавалкін: На падвышэнне адназначна пойдуць, але, мяркую, будуць узгадняць даволі працяглую дарожную мапу. Частка крэдытаў, напрыклад, можа прыйсці ў абмен на першае падвышэнне тарыфаў, другая – пазней. Таму ўлады будуць пагаджацца на нейкі сярэдні варыянт, пастараюцца расцягнуць па часе рост тарыфаў, прыватызацыю і гэтак далей. Але прадстаўнікі МВФ — таксама не дзеці, яны разумеюць, што папярэдніх ўмоваў фонду ўлады не выканалі, а таму, калі і будуць даваць грошы, то толькі ў абмен на рэальныя дзеянні, а не на абяцанні.
РР: Але ж беларускі ўрад і так планаваў з часам выйсці на 100-адсоткавую аплату паслугаў ЖКГ…
Уладзімір Кавалкін: Менавіта таму і планаваў, што МВФ на гэтым пастаянна настойваў. Сам урад вялікай праблемы ў сістэме ЖКГ не бачыць. Хутчэй, гэта ідзе знешні ціск, якому наш урад ужо не можа супрацьстаяць. Знізіліся магчымасці фінансаваць гэтую сферу з бюджэту, хаця пры жаданні грошы знайсці можна. Але тут у іншым пытанне. Трэба развітацца з перакрыжаваным субсідзіраваннем, з усімі нерынкавымі формамі фінансавання ЖКГ не толькі для звычайных грамадзян, але і дзяржаўных прадпрыемстваў, якія атрымліваюць ільготы за кошт бізнесу. Каб зрабіць гэтую сферу празрыстай, неабходна выйсці на 100-адсоткавую аплату паслуг ЖКГ, а ўжо затым займацца адраснай сацыяльнай падтрымкай тых людзей, хто не спраўляецца з такой нагрузкай. Гэта – пазіцыя МВФ, і яна абасалютна зразумелая. Але, паўтаруся, у МВФ маюцца апасенні, што чарговыя крэдыты беларускія ўлады праядуць, а рэформаў ізноў не будзе.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя