Крэдыты стануць больш дарагімі



Нацыянальны банк Беларусі зацвердзіў стаўкі разліковых велічынь стандартнай рызыкі на снежань 2023 года. Гэтае рашэнне можа садзейнічаць павышэнню ставак па крэдытах, бо стаўкі разліковых велічынь стандартнай рызыкі вызначаюць гранічны ўзровень працэнтных ставак па крэдытах, які магчымы без дадатковых выдаткаў для банкаў.

Так, па новых крэдытах у нацыянальнай валюце для фізічных асоб гранічны ўзровень на снежань складзе 15,25% гадавых (у лістападзе было 14,61%), для юрыдычных асоб — 10,99% гадавых (у лістападзе — 10,82%). Выключэнне зроблена для ільготных крэдытаў.

Павышэнне ставак разліковых велічынь стандартнай рызыкі адбылося ўпершыню за 15 месяцаў. На думку экспертаў, гэта пацвярджае трэнд на ўзмацненне жорсткасці фінансавай палітыкі ў краіне, з-за чаго крэдыты ў Беларусі даражэюць ужо два месяцы.

Міністр адукацыі прагназуе значнае падаражанне навучання ў ВНУ

Міністр адукацыі Андрэй Іванец анансаваў павелічэнне платы за навучанне ў вышэйшых навучальных установах Беларусі. “Досыць доўгі час павышэнне кошту навучання адбывалася вельмі павольнымі тэмпамі. Напрыклад, інфляцыя і рост індэкса цэн у мінулым годзе былі на ўзроўні 16%, ну і, адпаведна, зарплата падымалася на ўзроўні не менш за гэтую адзнаку, а кошт навучання за мінулы год быў падняты менш чым на 7%. Гэтая тэндэнцыя стрымлівання росту назіралася на працягу апошніх гадоў, і менавіта сёння мы маем свайго роду назапашаны кумулятыўны эфект”, — адзначыў міністр.

Цяпер міністэрства распрацоўвае павышэнне платы за навучанне ў ВНУ. “Выдаткі штогод растуць на 15-17%, мы мяркуем, што за межы гэтай сумы павелічэнне кошту не выйдзе”, — дадаў чыноўнік.

Як працуе бізнес у Ізраілі падчас вайны

Па падліках ізраільскіх спецыялістаў, адзін дзень ваенных дзеянняў у сектары Газа абыходзіцца краіне прыкладна ў 270 мільёнаў даляраў. Каля 15-20% прадпрыемстваў бізнесу да гэтага часу не аднавілі працу, прыпыненую ў пачатку канфлікту, піша Bloomberg.

Закрыта прыкладна дзве пятыя прадпрыемстваў, размешчаных на поўдні краіны, дзе або была пашкоджана інфраструктура, або эвакуіравана насельніцтва. Ёсць праблемы ў будаўнічых кампаній і малога бізнесу. Адной з самых сур’ёзных праблем з’яўляецца дэфіцыт працоўнай сілы. Па-першае, з-за беспрэцэдэнтнага прызыву 300 тысячы рэзервістаў, якія складаюць каля 8 працэнтаў рабочай сілы ў краіне. Па-другое, з-за закрыцця Заходняга берага Ярдана, адкуль у Ізраіль прыязджалі на працу многія палесцінцы.

Ізраільскае Міністэрства фінансаў падлічыла, што страты бюджэту з-за канфлікту ў Газе складуць не менш за 51 мільярд даляраў у эквіваленце. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: myfin.by.