На што пойдзе кітайскі крэдыт?



Эканаміст Барыс Жаліба распавядае пра тое, як беларускія ўлады вырашаць распарадзіцца 7 мільярдамі даляраў кітайскага крэдыту.

Кіраўнік краіны даў даручэнне ўраду актывізаваць працу па асваенні 7 млрд. даляраў кітайскага крэдыту.

Як паведамляе прэс-служба, найбліжэйшым часам Лукашэнку будзе пададзены даклад пра праблемы, што тычацца працы ўрада перш за ўсё па асваенні ў эканоміцы Беларусі гэтых крэдытных кітайскіх грошай.

Барыс Жаліба: Як вядома, кітайскія крэдыты звязаныя, гэта не “жывыя” грошы. Таму зараз, на мой погляд, уся праблема ў арганізацыі таго, каб граматна іх размеркаваць. Мяркую, асноўныя інвестыцыйныя аб’екты ўжо вызначаны, але ж патрэбна, каб там, як кажуць, жыццё кіпела. А тут, відаць, ёсць праблемы. Здаецца, частку інвестыцый будуць асвойваць кітайцы – яны павінны ў час паставіць сваё абсталяванне, прывезці сваіх спецыялістаў і, магчыма, нават працоўных. Мы ж бачым, што ў тым жа Індустрыяльным парку кітайцы нават дарогі будуюць, хоць ёсць дамоўленасць, што ў праекце пэўны адсотак удзельнічае і беларусаў. Зрэшты, бачна, што кітайскія праекты пакуль буксуюць. 7 мільярдаў крэдыту ёсць, а іх асваенне жадае лепшага.

РР: Ці дапамогуць гэтыя кітайскія грошы ажывіць беларускую эканоміку?

Барыс Жаліба: Калі такімі тэмпамі будуць ажыццяўляць праекты, як і зараз, то асаблівага эфекту не ўбачым. Хаця б у плане задзейнічання беларускіх працоўных рэсурсаў (а праблема беспрацоўя заяўляе пра сябе ўжо ў поўны голас). Мы ж бачым, колькі людзей сыходзяць з заводаў-гігантаў, але на кітайскіх аб’ектах яны не задзейнічаны.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ia-centr.ru