Куды падзенуцца ў Беларусі беспрацоўныя?
Кіраўнік праекта «Кошт урада» Уладзімір Кавалкін прагназуе далейшы рост беспрацоўя ў краіне.
На фоне росту беспрацоўя попыт на працоўную сілу ў Беларусі дасягнуў мінімальнага за апошнія 10 гадоў паказчыка, сведчаць звесткі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.
Паводле звестак Мінпрацы і сацабароны, на 1 снежня 2015 году ў Беларусі колькасць беспрацоўных, якія знаходзяцца на ўліку склала 43,2 тыс. чалавек. Для параўнання: у канцы 2014 года гэты паказчык быў на ўзроўні 24,2 тыс. чалавек, у канцы 2013 года — 21 тысяча. Цяпер у Беларусі максімальная з 2007 года колькасць беспрацоўных.
Уладзімір Кавалкін: У гэтым годзе, безумоўна, беспрацоўе працягне расці, таму што тыя прадпрыемствы, якія будуць банкруціцца альбо знаходзіцца ў стане санацыі, яны альбо скароцяць сваіх работнікаў, альбо адправяць іх у нейкі неаплочваемы адпачынак. Для людзей гэта будзе азначаць, што грошай стане менш, і некаторыя не захочуць заставацца на такой працы. Увогуле, узровень жыцця зніжаецца. Калі раней у сям’і маці і бацька працавалі і можа няшмат, але нешта зараблялі, дык зараз аднаго з іх могуць скараціць, а другі згубіць частку заробку. Вось такая сумная карціна атрымліваецца.
РР: Куды пойдуць звольненыя, якія стануць беспрацоўнымі?
Уладзімір Кавалкін: Вось гэта найбольш складанае пытанне для беларускага ўрада, а таму ён і лічыць гэты год цяжкім. Бо сыходзіць людзям няма куды.
РР: А куды маглі б сысці?
Уладзімір Кавалкін: Па-першае, маглі б пайсці ў прыватны бізнес. Але апошні не зможа прыняць усіх гэтых людзей. Да таго ж, кваліфікацыя многіх беспрацоўных не суадносіцца з патрабаваннямі, якія прад’яўляе прыватны бізнес. Другі варыянт — можна было б адмяніць падатак на лайдакоў і запусціць антыкрызісную сацыяльную праграму ў краіне па перакваліфікацыі працоўнай сілы. Калі людзі не могуць працаваць на заводзе, каб яны знайшлі сябе ў іншых сферах і мелі магчымасць хоць нейкім чынам зарабляць і карміць сем’і. Па-трэцяе, неабходна максімальная лібералізацыя малога і сярэдняга бізнесу, каб яны таксама часткова маглі ўзяць да сябе на працу беспрацоўных. А замест гэтага мы бачым, што ў ІП-эшнікаў у саміх праблемы, і яны самі неўзабаве могуць стаць беспрацоўнымі.
РР: Магчыма, частка людзей пойдзе на расейскі працоўны рынак?
Уладзімір Кавалкін: Не выключаю, але гэта будуць мужчыны 25-45 гадоў. Больш за тое — у Расеі таксама крызіс, таму магчымасці ў гэтым накірунку абмежаваныя. Адным словам, магчымасці для людзей маглі б быць, але урад гэтым абсалютна не займаецца. Паўтаруся, малы і сярэдні бізнес мог бы часткова працаўладкаваць людзей, неабходныя розныя курсы па перакваліфікацыі, адкрыцці новых невялікіх вытворчасцей… А вось гэта, на мой погляд, праблема, а ва ўрада няма ніякага антыкрызіснага плана. Мяркуецца, што сацыяльная напружанасць праз гэта будзе расці. Хтосьці згубіць работу, нехта частку заробку… Хто ж у такой сітуацыі будзе задаволены?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя