Куды “распіхаюць” складскую прадукцыю?



“На тавары, якія ляжаць на складах, трэба зніжаць кошт”, – лічыць эканаміст Леў Марголін.

Па звестках афіцыйнай статыстыкі, за студзень-кастрычнік 2015 году доля складскіх запасаў на прадпрыемствах склала 71,7% ад сярэднемесячнага аб’ёму вытворчасці.

Як паведамляе БелаПАН, найбольшы ўзровень складскіх запасаў сфарміраваўся на прадпрыемствах канцэрна “Белегпрам”, дзе гэты ўзровень на 1 лістапада 2015 г. у 3,2 разы перавышаў сярэднямесячны ўзровень вытворчасці. У арганізацыях Мінпрама запасы ў 1,8 разы перавышалі месячны аб’ём вытворчасці.

Леў Марголін: Складскія запасы можна “распіхаць” вельмі хутка. Але для гэтага трэба знізіць кошты на запасы да той мяжы, калі яны стануць запатрабаваныя. Калі ж попыту на іх не будзе, то любое распіхванне гэтых запасаў будзе суправаджацца ростам дэбіторскай запазычанасці. І іншага выйсця няма. Альбо аддаваць без аплаты і нарошчваць дэбіторскую запазычанасць, альбо зніжаць кошты і прадаваць тавар. Можа быць, нават ніжэй сабекошту. Вось два варыянты, якія я бачу.

РР: Аднак кошты, напэўна, ніхто не збіраецца зніжаць. Ці не так?

Леў Марголін: Відаць, прадаваць прадукцыю ніжэй сабекошту шкада. Не хочуць губляць абаротныя сродкі, да апошняга спадзяюцца знайсці новых пакупнікоў, якія б купілі тавар па тых коштах, што прапаноўваюцца зараз. Але, на мой погляд, гэта ружовыя мары. Хоць і прадпрыемствы, і ўлады спадзяюцца на новых пакупнікоў. Вось і шукаюць.

РР: Што, на ваш погляд, наогул трэба, каб гэтай праблемы не існавала?

Леў Марголін: Праблема знікне, калі на прадпрыемстве будзе прыватная ўласнасць. Уласнік ніколі не будзе выпускаць тую прадукцыю, на якую няма попыту. Калі ён, напрыклад, дакладна ведае, што ў наступным годзе ў яго купяць толькі тысячу грузавікоў, то і зробіць тысячу. Калі ёсць лішнія чалавечыя і вытворчыя рэсурсы, то будзе думаць, што зрабіць яшчэ, альбо каму перадаць у арэнду. Прыватнік ніколі не стане вырабляць нікому не патрэбную прадукцыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя